Касцёл Святога Юрыя знаходзіцца ў аграгарадку Варняны (Гродзенская вобласць, за 17 кіламетраў ад горада Астравец). У некаторых крыніцах яго яшчэ называюць касцёл Святога Георгія. Храм пабудаваны напрыканцы 60-ых гадоў, 18 стагоддзя, па праекце архітэктара Аўгуста Касакоўскага (ён таксама кіраваў за ўзвядзенні палаца Тышкевічаў у Валожыне). Будавалі касцёл імаверна на падмурках кальвінскага збору, які размяшчаўся якраз на гэтым самым месцы.


Урачыста асвечаны ў 1769 годзе віленскім біскупам Міхаілам Зянковічам, а сама ідэя ўзвядзення ў Варнянах касцёла належала тагачаснай уладальніцы мястэчка – Марыі Абрамовіч.

У 1880 і 1909 гадах касцёл часткова перабудоўвалі і змянялі, аднак будынак усё таксама адносіцца да стылю позняга барока. Храм уяўляе сабой базіліку з дзвюма вежамі, адным нефам з трансептам, што надае касцёлу форму крыжа.


Даволі цікава выглядае і плоская апсіда.


Паабапал да асноўнага аб’ёму прымыкаюць дзве падобныя сакрыстыі кубічнай формы. Сцены касцёла ўпрыгожаны фальш-калонамі, а на даху размяшчаюцца люкарны.

Цікава выглядае і фасад, які мае ўвагнута-выпуклую цэнтральную частку.


Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны храм у Варнянах закрылі, а памяшканне аддалі пад мясцовы клуб. За гэты час будынак касцёла прыйшоў у запусценне, але неразбурыўся.

Напрыканцы 20 стагоддзя, у 1990 годзе, касцёл Святога Юрыя адноўлены і вернуты католікам.

Каля касцёла знаходзіцца яшчэ два будынкі, якія нясуць архітэктурную каштоўнасць: дом святара і будынак аптэкара. Таксама ў Варнянах захавалася частка сядзібы Абрамовічаў – вартаўнічая вежа на востраве. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях рэкамендую паглядзець невялікі храм у Вароне. Іншыя славутасці Беларусі глядзіце на мапе.








