Вёска Суботнікі знаходзіцца ў памежнай зоне з Літвой і адносіцца да Іўеўскага раёна, Гродзенскай вобласці. Калі казаць пра цікавосткі, то тут асобнай увагі варты касцёл Святога Уладзіслава, які збудавалі напачатку 20 стагоддзя.


Дарэчы, назва “Суботнікі” замацавалася за вёскай у 1545 годзе, а да гэтага мястэчка называлася Геранёны Манівідавы (у Геранёнах сёння можна паглядзець касцёл і замчышча Гаштольдаў).
Будаўніцтва касцёла распачалі ў 1900 годзе на месцы драўлянага папярэдніка і скончылі ўжо праз некалькі гадоў. Ніжэй малюнак, як прыкладна выглядаў той стары касцёл.
Будоўля храма вялася на грошы і пры ўдзеле Умястоўскіх, чый фамільны маёнтак знаходзіўся ў суседнім Жамыслаўе.
Па сваёй архітэктуры храм даволі тыповы прыклад неагатычнай архітэктуры першай паловы 20 стагоддзі. Цэнтральнае месца займае трох’ярусная вежа-званіца, завершаная высокім шатровым шпілем.
Сцены ўпрыгожаны і ўмацаваны контрфорсамі па ўсім перыметры. Па баках будынка размяшчаюцца сіметрычныя сакрысціі, а ўвесь аб’ём завяршаецца пяціграннай апсідай.
Даволі цікавы і рэдкі для Беларусі выпадак: за перыяд свайго існавання касцёл фактычна не закрываўся, хаця і моцна пацярпеў у перыяд Другой сусветнай вайны.

Вядома, што з 1962 па 80-ыя гады ў храме не было ксяндза, але прыхаджане працягвалі падтрымліваць і сачыць за касцёлам.
Яшчэ адзін цікавы факт, гэта тое што ў сутарэннях касцёла знаходзіцца крыпта дзе пахаваны прадстаўнікі Умястоўскіх і Дунін-Раецкіх, сюды таксама з часам перанеслі ўсе пахаванні з драўлянага старога храма.
Касцёл Святога Уладзіслава дзейны і адкрыты для ўсіх жадаючых. Суботнікі ад Мінска знаходзяцца ў 140 кіламетрах, дарога зойме каля 2 гадзін, па шляху пралягаючы праз Лаздуны і Пяршаі, ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
У гэтым краі будзе таксама заехаць у Ліпнішкі каб паглядзець яшчэ адзін касцёл і рэшткі сядзібы Вольскіх.