Ражанка – гэта аграгарадок у Гродзенскай вобласці, які размяшаецца на трасе Р51, за некалькі кіламетраў ад горада Шчучын. Са славутасцяў і цікавостак тут варта вылучыць вось такі незвычайны касцёл з рысамі неаготыкі і элементамі якія звычайна сустракаюцца ў былых кальвінісцкіх збораў.


Ужо на падыходзе да гэтага храма разумееш яго нетыповасць і ўнікальнасць. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы датуецца 1674 годам, але ёсць версія і больш ранняга будаўніцтва – канец 16 стагоддзя. Па такой тэорыі храм першапачаткова будаваўся як кальвінскі збор, а затым у 1674 годзе асвечаны як касцёл. Праўда якіх-небудзь надзейных пацвярджэнняў гэтай версіі няма.

Па замове Людвіга Міхала Паца, у 1827 годзе, Ражанскі касцёл значна перабудоўваюць. Тут зноў з’яўляецца меркаванне, што менавіта гэтую дату варта лічыць адпраўным пунктам у гісторыі храма, бо ў гэты перыяд касцёл Святых Пятра і Паўла набывае тыя архітэктурныя рысы, якія можна ўбачыць сёння.

Архітэктарам быў запрошаны паляк – Генрык Марконі, які на той момант ужо сыскаў вядомасць і прызнанне, а таксама быў яскравым прадстаўніком “ангельскай неаготыкі”.

У Беларусі ёсць яшчэ як мінімум адзін храм па праекце Марконі – касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў Пружанах, а яго сын Уладзіслаў працаваў над легендарнай сядзібай Жалудок.


Па меркаванні некаторых гісторыкаў у той перыяд касцёл быў фактычна пабудаваны з нуля. Фасад абліцаваны бутавым каменем, а над уваходам з’явіліся вітражнае акно і герб Пацей – “Газдава”.


Магчыма касцёл у пасёлку Ражанка – адзін з першых прыкладаў неаготыкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Вакол касцёла размяшчаюцца даволі вялікія дзейныя могілкі, а перад уваходам устаноўлена металічная званіца. Падобную можна разгледзець і на карціне Напалеона Орды (малюнак вышэй).


У 20-ыя гады, 20 стагоддзя, касцёл у Ражанке перажыў грунтоўны рамонт. Капітальных змен у архітэктуры не было, але ўнутраны строй папярэдніх перыядаў на жаль не захаваўся.


На старых здымках таго часу добра бачна, што ў храме поўнасцю перарабілі дах.


У 60-ыя, Ражанскі храм цалкам закрываюць і перапрафілююць пад сельскую краму. Нанава касцёл будзе адчынены толькі ў 1990 годзе.


Калі ехаць сюды ад Шчучына, то можна заблытацца, бо ў раёне ёсць два населеныя пункты з назвай “Ражанка”. Касцёл размешчаны ў тым, які бліжэй да трасы Р51 і вядзе ў Ваўкавыск.
Недалёка ад аграгарадка знаходзяцца руіны маёнтка Дзікушкі.








