У Канічах, што ў Касцюковіцкім раёне, можна паглядзець сапраўды таямнічы аб’ект – гэта рэшткі касцёла Святых Анёлаў-Ахоўнікаў. Чаму ён таямнічы? Бо інфармацыі і гістарычных звестак не тое каб і шмат, нават дакладна не зразумела ці быў дабудаваны гэты храм. Таму буду спрабаваць сабраць усю вядомую інфармацыю і спадзявацца, што з часам знойдуцца адказы пра гэтую дзіўную цікавостку Беларусі.

Каб разабрацца ў гісторыі мястэчка і зразумець лёс касцёла, трэба крыху растлумачыць, што гэта за мясціны такія. Мяркуецца, што назва Канічы, звязана з птушкай кнігаўка (іншая ейная назва як раз “каня”, па-руску – чибис), якіх быццам бы ў гэтым краі было сапраўды шмат. Мястэчка Канічы дужа старое, мо адно з найстаражытнейшых у гэтым раёне. Першыя звесткі адносяцца да першай паловы 16 стагоддзя. А вось найбольшы ўнёсак у развіццё Канічаў зрабілі прадстаўнікі роду Цеханавецкіх, дарэчы лічыцца што менавіта яны і збудавалі гэты касцёл.

Дакладная дата будаўніцтва храма ў Канічах невядома, але ёсць некалькі асноўных версій. Першая кажа аб тым, што Цеханавецкія пачалі будаваць гэты храм напачатку 20 стагоддзя, сустракаецца і дата заканчэння работ – 1910 год. Па гэтых звестках касцёл узводзілі на падмурках былой капліцы-пахвальні тых самых Цеханавецкіх.

Ёсць версія што касцёл збудавалі яшчэ ў 19 стагоддзі, так пісьмовыя звесткі ўказваюць што ў 1825 годзе каталіцкі прыход у Канічах ужо існаваў. За гэты варыянт магла бы сведчыць даволі дзіўная архітэктура храма. Але ж наўрад такі масіўны і прыкметны каталіцкі храм застаўся бы не пераведзеным у праваслаўе.

А вось трэці варыянт такі: касцёл у Канічах так і не быў дабудаваны. Калі ўважліва паглядзець на рэшткі будынка, можна заўважыць некаторыя элементы якія сведчыць аб ягонай не няскончанасці. Напрыклад частка сцен была не тынкаваная.

З архітэктурай таксама ўсё складана і не зразумела. Напрыклад гісторык Кулагін называе касцёл помнікам архітэктуры неараманскага стылю, а вось Тамара Віктараўна Габрусь упэўнена што гэты неабарочны архітэктурны стыль.

Даволі цікавы факт, што пад апсідай гэтага касцёла захавалася крыпта, магчыма гэта як раз і ёсць тая спадчына ад капліцы Цеханавецкіх. Але ўсё адно складана зразумець якім чынам такі вялікі храм маглі збудаваць на падмурку каплічкі-пахавальні.

Вядома, што Цеханавецкія некалькі разоў былі рабаваныя мясцовымі сялянамі, якія нават разбуралі іхні маёнтак. Так гэта здаралася і ў 1893 годзе, і ў 1907. Пасля 1920 года, уся вытворчасць і маёмасць Цеханавецкіх стала “народнай” уласнасцю, таму вельмі праблематычна ўявіць калі касцёл мог быць дзейным. Ну і самое галоўнае, адкуль мог з’явіцца прыход на такі велічны храм? Землі тут былі, мякка кажучы, праваслаўныя. Імаверна толькі самі Цеханавецкія і некаторыя іхнія супрацоўнікі і наведвалі касцёл. Карацей – гісторыя больш чым таямнічая.

Ёсць інфармацыя, што касцёл у Канічах моцна пацярпеў у 1943 годзе, калі ў дах будынка трапіў снарад. Мясцовыя распавядаюць, што ўсё багацце і скарбы з самога храма звезлі немцы ў Германію, нават арган скралі. Ці так гэта, – ужо ніхто дакладна не адкажа.

Затое захавалася гісторыя аб тым як мясцовыя атэісты спрабавалі разбурыць муры магутнага храма, атрымалася толькі часткова – знішчылі 4 калоны перад уваходам. Думаю пасля тых спроб і застаўся гэты вялізарны пралом у галоўным уваходзе.


Адшукаць гэты цікавы гістарычны аб’ект будзе не складана, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У Канічах таксама можна паглядзець былы бровар Цеханавецкіх. Дарэчы, раю заехаць і ў Саматэвічы, дзе знаходзяцца руіны вялізарнай царквы.












