Калі вы жадаеце дакрануцца да па-сапраўднаму старых гістарычных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, то вам сапраўды варта з’ездзіць у вёску Камаі, дзе захаваўся ўнікальны помнік архітэктуры – касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Храм можа і не здзівіць сваім абліччам, але яго сцены захавалі гісторыю некалькіх стагоддзяў.
Будаўніцтва манументальнага касцёла ў мястэчку Камаі распачалося ў далёкім 1603 годзе пад кіраўніцтвам Яна Рудаміна-Дусяцкага і цягнулася каля 3 гадоў. Як гэта часта бывае, імя архітэктара праекта – невядома.
Першапачатковы варыянт касцёла выглядаў крыху інакш і больш нагадваў храмы ў Мураванцы і Сынкавічах. У касцёла таксама было 4 вежы па вуглах і цэлых 3 апсіды. Пасля вайны сярэдзіны 17 стагоддзі са шведамі, моцна пацярпелы будынак перабудавалі – аднак пры гэтым фасад застаўся без змен і дайшоў да нас у першапачатковым выглядзе.
Бакавая капліца, якая дадае касцёлу такую прыкметную асіметрыю, пабудавана ў 1778 годзе. Пад ёй якраз і размяшчаецца крыпта.
У гэтай крыпце захавалася даволі шмат старадаўніх пліт, некаторыя з іх – гэта пахаванне ашмянскіх маршалкаў. Ёсць і цікавы факт: пры абследаванні крыпты ў 2016 годзе быў знойдзены тайнік (хованка) са шкатулкай, дзе захоўваліся святыя мошчы. Будзеце аглядаць касцёл, звернеце ўвагу на гэтую шкатулку.
Вядома, што ў архітэктуры старажытнага касцёла прыцягвае яго абарончае вонкавае аблічча.
Тут і таўшчыня сцен пад 2 метры і суровы вонкавы выгляд, які ўпрыгожваюць толькі арачныя нішы, размешчаныя на галоўным фасадзе і незвычайныя круглыя акенцы ў вежах (першапачаткова – байніцы).
Гісторыя касцёла ўнікальная і тым што ў перыяд калі Камаі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі храм не закрывалі для імшаў. Гэта не адбылося ні ў 1831-33 гадах і нават ні пасля 1861 года.

На цэнтральным фасадзе касцёла важна адзначыць дзве вежы, вышынёй яны каля 16 метраў і дыяметрам каля 6. Паміж імі трохкутны франтон з арачнымі нішамі і акном.
Калі ў вас атрымаецца зазірнуць унутр храма, то ў інтэр’ерах абавязкова агледзіце галоўны алтар, упрыгожаны драўлянымі статуямі Святых Пятра і Паўла.
Над уваходам у храм паглядзіце і стары арган 18 стагоддзя. Таксама звярніце ўвагу на цудатворны абраз Маці Божай, які імаверна напісаны яшчэ ў 1610 годзе.
На левай сцяне ёсць карціна “Хрыстос і сірата”, напісаў яе Альфрэд Ромер, які доўгія гады жыў у маёнтку Каралінава, Пастаўскага раёна. Пад роспісам ёсць памятная шыльда ў гонар гэтага мастака і фамільны герб Ромэраў.
Сучасная гісторыя касцёла застаецца крыху туманнай. Па адной версіі храм усё ж зачынялі ў савецкія гады і вярнулі вернікам у 1985 годзе. А вось па іншай – не, і лічыцца што імшы тут праводзіліся нават у перыяд актыўнай барацьбы з рэлігіяй. Чаму такое было магчыма? Ёсць цалкам рацыянальнае тлумачэнне: тагачасны настаяцель храма, – ксёндз Юозас Булька, падчас вайны выратаваў вядомага партызана ад нямецкіх салдат, чым заслужыў добрае стаўленне савецкіх уладаў. У гэтай гісторыі ёсць свае не стыкоўкі, але такая версія існуе.

Сярод шматлікіх цікавых фактаў, звязаных з касцёлам у Камаі, ёсць і такі: Шведскія войскі падчас Паўночнай вайны ядрамі пашкодзілі храм, які на шчасце ўдалося аднавіць. І вось як напамін пра тыя падзеі, людзі якія аднаўлялі будынак, вырашылі ўмураваць шведскія ядры ў адну са сцен. А вось у якую менавіта, я знайсці не змог.
Перад касцёлам можна паглядзець яшчэ адну невялічкую цікавостку аграгарадка Камаі – каменны крыж.
Крыж высечаны з вялізнага гранітнага валуна прыблізна ў 15-16 стагоддзі. У цэнтры ёсць ніша для распяцця, а ў нізе інфармацыйная таблічка ў выглядзе каменю.
У вышыню крыж прыблізна 2,5 метра.
Тутака ж разбіты парк імя Браніслава Руткоўскага.
У 2010-2011 гадах храм актыўна рэстаўрыравалі, – аднавілі наступствы ад урагану 2007 года.
Камайскі касцёл Святога Яна Хрысціцеля дзеючы і адкрыты для ўсіх ахвочых, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
Камаі ўваходзяць у вельмі цікавы турыстычны маршрут, які ідзе ад горада Глыбокае і да гарадскога пасёлка Лынтупы. Таксама раю наведаць касцёл Святой Ганны ў вёсцы Мосар і канешне Сафійскі сабор у Полацку.