Даволі маляўнічыя руіны можна ўбачыць у Драгічынскім раёне, – гэта невялікі занядбаны касцёл Святога Духа, які знаходзіцца зусім недалёка ад вёскі Язвіны. Былы храм датуецца 1750 годам, а сваімі памерамі хутчэй нагадвае каплічку. Па форме будынак квадратны з невялічкай паўкруглай апсідай, выкананы ў архітэктурным стылі барока з цэглы.
У сярэдзіне 19 стагоддзі, Язвінскі касцёл пераўтвораны ў праваслаўную царкву, тады якраз на даху і з’явілася цыбульная вежачка. Храм таго перыяду захаваны на карціне Напалеона Орды.

Нягледзячы на закінуты стан, тэрыторыя вакол касцёла прыбраная і відавочна кімсьці дагледжаная. На фасадзе вісіць драўляная інфармацыйная таблічка, а ўваход перакрылі дротам.
Цікава, што калі паглядзець па гугл-мапе, то добра бачна, што храм не трапляе ў склад бліжэйшых вёсак Ляжыткавічы і Пігасы. Жыхары гэтых вёсак называюць месца, дзе стаіць касцёл – “Вінч”, бо побач месціцца аднайменны дзіцячы лагер.
Імаверна, што некалі на тэрыторыі гэтага лагера была шляхецкая сядзіба, – гэты факт растлумачыў б з’яўленне тут каменнага касцёла.
З 1919 года храм вернуты ў каталіцтва, заставаўся дзейным да 1944 года. Потым, за савецкім часам касцёл закрылі, а будынак стаяў пустым і не як выкарыстоўваўся, таму з часам усё больш прыходзіў у запусценне. Калі заплануеце наведаць руіны касцёла, то раю заязджаць з боку трасы М10, дарога значна лепш, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Што яшчэ цікавага паглядзець у гэтым рэгіёне? Абавязкова адпраўляйцеся ў Заказель, дзе заканчваецца рэканструкцыя капліцы-пахавальні Ажэшкаў.