Вёска Германавічы, што ў Шаркаўшчынскім раёне, згадваецца ў пісьмовых звестках яшчэ ў сярэдзіне 16 стагоддзя як уладанне Сапегаў з Іказні. Ад іх маёнтак перайшоў да барона Гільзена (у гэтага роду была фамільная рэзідэнцыя ў Асвеі). Затым ужо Германавічы дасталіся Ігнату Шырыну, які з дробнай шляхты выбіўся ў аднаго з найбагацейшых землеўладальнікаў рэгіёна. Менавіта з яго прозвішчам звязваюць будаўніцтва галоўнай славутасці ў Германавічах – касцёла Перамянення Гасподняга.

Каталіцкі храм, які можна паглядзець сёння, выкананы ў архітэктурным стылі віленскае барока і быў цалкам завершаны ў 1787 годзе.

Германавічы ў спадчыну перайшлі да малодшага сына Ігнація – Юстыана Шырына, пры якім дарэчы была скончана фамільная сядзіба. Юстын прадпрымальнасцю пайшоў у бацьку і працягнуў яго пачынанні па развіцці краю.

Пры ім у 1826 годзе пабудавалі яшчэ адзін касцёл – Святых апосталаў Паўла і Пятра. Храм планавалі выкарыстоўваць як сямейную пахавальню, – менавіта тамака і будуць хаваць усіх прадстаўнікоў роду Шырынаў. На жаль да нашых дзён гэтая капліца не захавалася, яе разабралі ў 1926 годзе.


Цікавы факт: у адной з веж храма можна ўбачыць звон, які быў адліты яшчэ ў 1787 годзе – амаль равеснік самога касцёла. Па мясцовай легендзе, перад тым як касцёл зачынілі ў 1948 годзе, жыхары Германавічаў знялі звон і закапалі яго недзе на ўчастку. Гэта зрабілі каб зберагчы старажытны артэфакт ад вандалізму. На сваё законнае месца гэтая рэліквія павярнулася толькі праз 50 год, калі касцёл паўторна асвяцілі.


Касцёл у Германавічах аднанефны з даволі багатым унутраным убраннем і высокімі пяціяруснымі вежамі. Звонку чымсьці нагадвае сумесь архітэктуры храма ў Лужках і касцёла ў Дзятлава.

Фасад упрыгожаны складаным франтонам, што прадстаўляе сабой шчыпец пад якім размешчаны класічны порцік.

Германавіцкі храм мае паўкруглую апсіду з невялікімі сакрысціямі паабапал.

Касцёл – дамінанта аграгарадка Германавічы, гэтая цікавостка добра бачная яшчэ за некалькі кіламетраў на пад’ездзе. Ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
У Германавічах будзе яшчэ цікава паглядзець адноўленую сядзібу Шырынаў, у ёй зараз працуе музей. Па шляху ў гэты край раю таксама заехаць у Мосар і наведаць каталіцкі храм у Камаі.








