Маёнтак Ракавіца перайшоў да Талочкаў яшчэ ў першай палове 18 стагоддзі. Пры іх была ўзведзена драўляная сядзіба і закладзены парк. Таксама напачатку 20 стагоддзя пабудавана фамільная капліца-пахавальня, якую можна паглядзець і сёння.


Капліца Талочкаў – гэта яркі прыклад неагатычнай архітэктуры, на старым здымку бачна, як гэта храм выглядаў першапачаткова.


Нягледзячы на даволі кампактныя памеры, каплічка вылучаецца мноствам цікавых дэкаратыўных элементаў. Бакавыя часткі будынка аздоблены паўцыркульнымі вокнамі (па тры з кожнага боку), а па кутах размешчаны контрфорсы.


Імаверная дата будаўніцтва гэтай капліцы – 1907 год, калі Вялікая Ракавіца належала Тэадору Талочку.


Тэадор – апошні ўладальнік маёнтка, памёр у 1946 годзе.
У пасляваенны час, заўзятыя атэісты і праціўнікі так званай “шляхецкай спадчыны” паспрабавалі разбурыць капліцу. У 60-ых, гэтыя ж “актывісты” змаглі знесці верхавіну са шпілем. Для гэтага выкарыстоўвалі тросы і трактар, але гэтых сродкаў відавочна не хапіла для поўнага знішчэння, таму каплічка часткова і захавалася.


За храмам ёсць некалькі старажытных пахаванняў, сярод якіх магілы Яна Талочка (удзельнік паўстання 1863 года), Станіслава Караля Талочка (брат Тэадора) і ягонай жонкі.

Пасля распаду СССР, нашчадкі Талочкаў часткова аднавілі капліцу і акультурылі фамільныя могілкі.

Хоць мясціны тутака даволі глухія, а найбліжэйшыя хаты ў некалькіх кіламетрах, але ўсё адно капліца выглядае цалкам дагледжанай.

Вакол могілак і капліцы ў Ракавіцы разбіта агароджа са стылістычнай брамкай, месца ўпрыгожваюць старыя дрэвы, якія ўтвараюць алею.

Будзеце ў гэтых краях – паспрабуйце наведаць капліцу, яна сапраўды вартая вашай увагі. Капліца стаіць у лесе на ўскрайку Ракавіцы. Калі ехаць з боку Брэста па трасе H435, то праязджайце ўвесь населены пункт і з’язджайце ў самым канцы перад полем.
Яшчэ адно цікавае мясцінка звязанае з родам Талочкаў – гэта вёска Сычы, дзе размяшчаўся іхняй сядзібны дом (быў разабраны ў 1992 годзе). У Сычах са славутасцяў захавалася царква Святой Параскевы 1822 года.








