За некалькі кіламетраў ад Слоніма ёсць дзве вёскі, Дзеравянчыцы і Бракава, якія з першай паловы 19 стагоддзя належалі роду Ордаў. Тут у іх быў аднайменны фальварак Дзеравянчыцы (сёння фактычна адносіцца да тэрыторыі вёскі Бракава) з шыкоўным палацам і фамільнай капліцай-пахавальняй. На жаль палац Ордаў не захаваўся, затое капліца дайшла да нашых дзён амаль што ў першапачатковым выглядзе.

Капліцу пабудавалі ў 1852 годзе на замову Пятра Орды, такім чынам ён планаваў ушанаваць памяць ягонай памерлай жонцы Эвеліны. Гэтая кампактная каплічка выканана з жоўтай цэглы ў папулярным для таго часу неагатычным стылі архітэктуры. Аздоблена арачным парталам з трохкутнай нішай, сцены ўпрыгожаны карнізам з пілястрамі, а завяршаецца пабудова невялічкай вежкай паабапал ад якой размяшчаюцца пінаклі.

У другой палове 19 стагоддзі гэты край наведаў Напалеон Орда (вядомы прадстаўнік гэтага роду, але па іншай галіне) і намаляваў пахавальню. Як бачыце, звонку будынак змяніўся нязначна, у вочы кідаецца толькі перабудаваная вежка.

Орды валодалі маёнткам Бракава ажно да 1927 года, пасля чаго багатыя землі перайшлі да Іосіфа Абязерскага.

Амаль усе вядомыя прадстаўнікі слонімскай галіны Ордаў былі пахаваны ў крыпце гэтай капліцы. Апошні прадстаўнік па лініі Ордаў, Іосіф, атрымаў дазвол на правядзенне ў каплічцы імшы і богаслужэння ў 1904 годзе.


За савецкім часам капліцу перабудавалі і пачалі выкарыстоўваць як склад для ўгнаенняў. Справа ад уваходу з’явіўся новы аднапавярховы аб’ём, зруйнавана вежа, спрошчаны дах.

Напачатку 90-ых гэты помнік архітэктуры вярнулі вернікам, якія змаглі аднавіць спадчыну Ордаў. З 2007 года тут ізноў праводзяцца імшы, а на сцяне з’явілася памятная шыльда з гісторыяй будаўніцтва.


А што вядома пра былы палац Ордаў? Можа дзіўна, але зусім і няшмат. Верагодна сядзіба ў Дзеравянчыцах пабудавана Пятром, тым самым які ўзвёў капліцу. Пры ім рэгіён і маёнтак дакладна дасягнулі пэўнага росквіту: павялічвалася насельніцтва, быў пабудаваны завод па вытворчасці цэглы, бровар. Дзякуючы старому аэрафотаздымку можна ўбачыць, як выглядала валоданне роду ў пачатку 20 стагоддзя.

Цэнтральная частка палаца мела адзін паверх, па баках прымыкалі двухпавярховыя флігелі, а перад уездам быў разбіты газон у форме круга з алеяй з дрэў. Мяркую, што знешне палац чымсьці нагадваў сядзібу Плятэраў у Опсе.

Акрамя палаца былі пабудаваны і шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Праўда да нашых дзён захаваўся толькі адзін будынак – былы дом для працоўных.

Імаверна яго выкупілі і зараз спрабуюць аднавіць, ужо ёсць новыя вокны.

Знайсці капліцу будзе проста, ад Слоніма згортвайце на дарогу Н6348 і рухайцеся да першага з’езда на жвіроўку, не даязджаючы Бракава, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У гэтых краях рэкамендую паглядзець маёнтак Пуслоўскіх “Альбярцін”, а таксама незвычайны расколаты валун у Якімавічах.








