Прыкладна за 10 кіламетраў ад Дзяржынска знаходзіцца вёска Новая Рудзіца, дзе можна паглядзець капліцу-пахавальню, якая як мяркуецца, належала роду Дыбоўскіх.

Даволі часта руіны гэтага будынка на пагорку адносяць да вёскі Баравое, чым крыху дадаюць блытаніны, але насамрэч капліца стаіць амаль што пасярод, адразу на скрыжаванні дарог Н8383 і Н8381 (глядзіце ўважліва).


Дакладная дата будаўніцтва гэтай капліцы – невядомая, ёсць некалькі здагадак. Гэта – 1825 год (самы аптымістычны варыянт), аднак часта сустракаецца і іншая дата – 1875 год. У афіцыйным рэестры помнікаў так і ўвогуле згадываецца абстрактны “канец 19 стагоддзя”.

Наколькі вядома, Дыбоўскія былі выгнаныя з гэтых земляў адразу пасля паўстання 1863 года, а іх уладанні – канфіскаваны. Гэтая інфармацыя таксама ўносіць дадатковую блытаніну ў гісторыю капліцы.

Пахавальня Дыбоўскіх уяўляе сабой невялічкі ратандальны храм цыліндрычнай формы. Выканана часткова з цэглы з украпінамі бутавага каменя. У архітэктурным стылі будынак хутчэй адносіцца да эклектыкі з рысамі неаготыкі. Унутры капліцы было два ўзроўні: унізе па перыметры цокаля размяшчаўся склеп, а насупраць уваходу – алтарная частка.

Сёння, у вёсцы Новая Рудзіца афіцыйна пражывае толькі 18 жыхароў. Ад таго нядзіўна, што да былой пахавальні Дыбоўскіх нікому асабліва няма і справы. Нягледзячы на гэта, у вочы адразу кідаецца дах, які відавочна зроблены за нашым часам і абараняе помнік ад хуткага разбурэння.


Побач з каплічкай знаходзіцца адносна свежае пахаванне – гэта магіла настаяцеля Рудзіцкай царквы, Уладзіміра Елісеевіча Квяткоўскага.


Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Што яшчэ паглядзець у гэтым рэгіёне? Абавязкова раю паехаць да касцёла ў Рубяжэвічах.





