У Жыткавіцкім раёне ёсць вёска Ленін дзе можна ўбачыць адны з найстарэйшых яўрэйскіх могілак на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Да таго ж гэта імаверна, гэта адзіныя могілкі на якіх захаваліся драўляныя надмагільныя пліты (мацевы).
Гісторыя Леніна (населенага пункта) бярэ свой пачатак яшчэ ў першай палове 16 стагоддзя, як уладанне князя Юрыя Алелькавіча. Цікава, што гэтая назва захавалася з тых даўніх часоў, калі тут было простае ўрочышча і ніякага дачынення да “правадыра” пралетарыяту не мае. Нават больш, ёсць версія, што Уладзімір Ільіч вырашыў узяць свой псеўданім пасля сустрэчы з яўрэямі менавіта з вёскі Ленін у 1895 годзе. Дарэчы, жыхары гэтага мястэчка называлі сябе ленінцамі.
Да гітлераўскай акупацыі ў Леніне пражывала каля 1000 яўрэяў, дзейнічала іўдзейская школа і было 2 сінагогі.

Аднак адзіны напамін сёння пра габрэйскія карані – гэта вось гэтыя могілкі. На іх можна ўбачыць як зусім старыя пахаванні, так і часоў гета 1941-43 гадоў.
Асаблівую каштоўнасць тутака маюць драўляныя помнікі, якіх захавалася прыблізна 15-20, а іх узрост можа дасягаць 200 гадоў.
Яшчэ адна славутасць Леніна – гэта невялічкая праваслаўная каплічка, якая месціцца бліжэй да цэнтру вёскі. Арыгінальную капліцу знеслі ў 2019 годзе, а на яе месцы паставілі даволі падобную копію.
Першапачатковы будынак датавалася 1863 годам. Па іншых звестках каплічка будавалася крыху пазней – у 1870 годзе, як сімвал вызвалення сялян ад прыгоннага права. Абсалютна ідэнтычная капліца ёсць у Жыткавічах.
Вёска Ленін знаходзіцца на з’ездзе з трасы Р23 (участак Салігорск – Мікашэвічы). Каб патрапіць да могілак ад цэнтра трэба праехаць у бок Залюцічаў, ніжэй кропка на мапе:
У гэтых краях рэкамендую таксама наведаць гранітны кар’ер, – адзін з найбуйнейшых у Еўропе.