Ідолта – гэта аграгарадок Мёрскага раёна, які месціцца каля аднайменнага возера. Цікава, што дакладнай інфармацыі адкуль узялася гэтая прыгожая назва няма. Затое вядома аб першых уладальніках мястэчка – гэта род Рудамінаў-Дусяцкіх, герба “Трубы”. Ад іх Ідолта перайшла да Сапегаў, у якіх дарэчы былі шырокія ўладанні ў гэтым краі з сапраўдным замкам у Друі. Затым, у 1825 годзе, Францішак Сапега прадаў маёнтак Іосіфу Мілашу, з прозвішчам якога і будзе асацыявацца Ідолта аж да 1917 года. Пры Мілашах была пабудавана класічная сядзіба, а таксама капліца-пахавальня на паўвостраве.

Капліца Мілашоў у Ідолце

Ідолта капліца

Сядзібу скончылі будаваць яшчэ ў 1860 годзе, а ўсімі работамі загадвалі сыны Іосіфа Мілаша. Праз некалькі год, прыблізна ў 1862 годзе, пабудавана і фамільная капліца-пахавальня.

Ідолта, Беларусь

Ініцыятарам узвядзення выступіў Яўген Мілаш, які будаўніцтвам хацеў ушанаваць памяць сваёй памерлай жонкі – Эміліі Таргонскай.

Што паглядзець у Беларусі?

Па архітэктуры капліца мае ярка выяўленыя рысы позняга класіцызму. Галоўны фасад вылучаецца традыцыйным для гэтага архітэктурнага стылю трохкутным франтонам.

Капліца-пахавальня Мілашоў у Ідолце

Сцены прарэзаны фальш-калонамі і карнізам, а над уваходам дэкаратыўнае акно-ружа.

Род Мілашоў у Ідолце

Капліца Мілашаў

Над дахам узвышаецца невялічкая драўляная вежка, хутчэй за ўсё яна будавалася ў пазнейшы час, магчыма нават у 90-ыя. На старым здымку 30-ых гадоў добра бачна, што першапачаткова гэтая званіца была каменнай.

Ідолта, старое фота
здымак зроблены да 1939 года

Пахавальня Мілашоў

У гэтым склепе было пахавана шмат прадстаўнікоў роду Мілашаў, у тым ліку і Яўген (той самы будаўнік сядзібы), які памёр у 1908 годзе.

Магіла Кандрата Мілаша

За савецкім часам капліцу апаганілі і разрабавалі. Па запісаных успамінах мясцовых жыхароў былі разбіты магільныя пліты ў крыпце, а бравыя бязбожнікі-вандалы гулялі ў футбол з чэрапам аднаго з Мілашаў. Але ў гэтай гісторыі ёсць сумны (ці хутчэй павучальны?) працяг. Двое з тых вандалаў трагічна памерлі на працягу наступнага года. Адзін утапіўся ў возеры, а другі разбіўся на матацыкле.

Ідолта, Віцебская вобласць

Капліца ў Ідолце даволі доўга выкарыстоўвалася як складское памяшканне для ўгнаенняў. У канцы 20 стагоддзя павернута вернікам і адноўлена.

Ідолта што паглядзець?

Побач з капліцай ёсць маляўнічы драўляны масток, які злучае аграгарадок Ідолта з суседняй вёскай Мілашова.

Мост праз возера Ідолта

Сама сядзіба Мілашаў, як і капліца-пахавальня, мае рысы класічнай архітэктуры. Па форме прастакутная, аднапавярховая, цэнтральная частка будынка з драўлянай мансардай і невялікім порцікам.

Сядзіба Мілашаў, Ідолта

У 2005 годзе сядзібу пачалі аднаўляць, а пасля 3-гадовага рамонту, у сценах абноўленага будынка размясцілася мясцовая адміністрацыя і бібліятэка.

Сядзіба Ідолта, старое фота
даваеннае фота, сядзіба часткова закінутая.

Знайсці гэтыя цікавосткі ў Ідолце будзе нескладана. Ад касцёла Маці Божай Шкаплернай рухайцеся па вуліцы Лясная, сядзібны дом будзе злева, а капліца знаходзіцца справа – бліжэй да возера.

У гэтых краях таксама рэкамендую паглядзець касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мёрах. Калі дазваляе час, то можна адправіцца ў вёску Асада-Дзедзіна і паглядзець на руіны сядзібы Рудніцкіх.

1 КОММЕНТАРИЙ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь