У Дзятлава (гістарычная назва – Здзіцел), на цэнтральнай плошчы 17 верасня, як і 5 стагоддзяў дагэтуль, сканцэнтравана жыццё горада, тутака ж размяшчаецца асноўная і думаю самая галоўная цікавостка – касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Дзятлаўскі касцёл адносіцца да сярэдзіны 17 стагоддзя, выкананы ў архітэктурным стылі віленскае барока з рысамі ракако. Храм мураваны 1-нефавы і 2-вежавы, з масіўнай алтарнай апсідай. Касцёл накрыты агульным 2-схільным (над апсідай конусападобным) дахам, а яго сцены рытмічна расчлянёны вертыкальнымі контрфорсамі.
Як сведчыць інфармацыйная таблічка на храме, касцёл пабудаваны яшчэ ў 1664 годзе пры непасрэдным удзеле і фінансаванне Казіміра Льва Сапегі.
Дарэчы, менавіта пры яго падтрымцы быў заснаваны вядомы кляштар у Бярозе (дарэчы і шмат якіх кляштараў, храмаў і іншых аб’ектаў).
У сярэдзіне 18 стагоддзя, у 1751 годзе, пасля моцнага пажару, храм часткова перабудаваны, – перайначаны фасад. Гэтыя змены і дадалі храму рысы віленскага барока. Работы праводзіліся па праекце архітэктара Аляксандра Асікевіча, на рахунку якога ўжо быў кляштар базыльян у Барунах.

Гэтая рэканструкцыя вялася на грошы Радзівілаў, якія ў той перыяд валодалі Дзятлавам. Прыкладна ў той жа час пабудавана і сядзіба-палац гэтага роду на беразе ракі Дзятлаўка.
У 1882 годзе адбываецца яшчэ адзін пажар, які зноўку моцна пашкодзіў касцёл у Дзятлаве. У выніку рамонтных работ амаль поўнасцю замянілі дах і перакрыцці.
Напачатку 20 стагоддзя, у 1900 годзе, Дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі атачылі высокім каменным плотам з брамай. На многіх старых здымках і паштоўках гэта агароджа бачная, побач з ёй былі гандлёвыя рады.
У нейкі перыяд агароджа была разабрана ці знішчана, дакладнай інфармацыі аб гэтых падзеях няма. Сёння вакол храма дэкаратыўная кованая агароджа.
Цікавы факт: У 2017 годзе фота, зробленае падчас каляднай службы ў Дзятлаўскім касцёле, трапіла на першыя старонкі легендарнага выдання The Wall Street Journal.
Яшчэ адзін цікавы факт: касцёл і сам горад можна ўбачыць у кінафільме “Паланэз Агінскага”, які выйшаў у 1971 годзе.


Храм дамінанта ўсяго Дзятлава і добра бачны яшчэ на пад’ездзе, размешчаны на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Леніна.
У Дзятлаўскім раёне будзе таксама цікава наведаць касцёл у вёсцы Дварэц.