21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Прапануем Вам спрычыніцца да гэтага цудоўнага свята. Мы ня будзем “плакаць” і жаліцца, што беларуская мова памiрае, таму што гэта не так! Ці ня лепш пасмяяцца і зарадзіцца пазітыўным настроем? Адмыслова для свята вам у падарунак казка-гумарэска ад нашага аўтара Ірыны Зорко.

У гасцях у вадзяніка

Справа гэтая зімою здарылася. Аднаго разу пайшоў Пракоп у лазню. Мужык ён быў з гумарам, ад чаго не раз пакутавала жонка ягоная, Маня. Вось і зараз выштукарыў дзеля смеху для жонкі цыдулку:Заела ты мяне зусім, Манька, тапіцца пайду!”. Толькі ў лазню зайшоў, хваць, а пра вяхотку забыўся. “Ну”, думае, “не давялося памыцца як след, то хоць папаруся”. І такой ён пары надаваў, што нельга стрымаць. Выскачыў на вуліцу — астудзіцца. Каля лазні якраз і рэчка цякла, засталася там пасля рыбакоў палонка. Крэкнуў Пракоп сабе ў вусы: “От, гэта мне пашэнціла!”. Звесіў ногі ў палонку, і толькі люльку хацеў у зубы тыцнуць, а нехта як учэпіцца за лытку, як пацягне!

язычество у славян леший

Апынуўся Пракоп у вадзе, але вось што цікава, дыхае сабе, бурбалкі наверх пускае, нібыта шчэлепы ўмомант выраслі. Лыпае вакол вачыма ад здзіўлення: ўсё тут іншае, не такое, як наверсе. Зіма, здаецца, а тут усё зялёнае, водарасці і кветкі нейкія ружовыя, на шыпшыну падобныя. Плыве Пракоп і дзівуецца: рыбы карагоды водзяць, ракі ім клюшнямі клацаюць, такт адбіваюць. Паглядзеў ён на скокі гэтыя, пачасаў патыліцу, пацмокаў, ды далей пагроб.

Зірк, аж немаведама адкуль харомы паказаліся, плотам адмысловым агароджаныя. “Дзе ж тут ўваход?”, думае мужык. Толькі падумаў так, аднекуль і весніцы з’явіліся. Стаяць паабапал ракі ў даспехах, нібыта воі, службу нясуць. Клюшні з дзідамі перад Пракопам скрыжавалі, у адной клюшне па дзідзе, а ў другой па тарчы. Не падступіцца! Ажно, толькі падплыў бліжэй, схавалі ракі дзіды свае, прапускаюць Пракопа ўнутр.

Апынуўся ён ў святліцы. Пасярэдзіне стол стаіць, абрус на ім маціцовага колеру, карункамі ўбраны. А на стале тым прысмакаў розных, — і печыва, і пернікі салодкія, і вішні, на віне цукрованыя. Пацёр Пракоп рукі, і толькі збіраўся за пернік схапіцца — знікла ўсё ўмомант. Як і не бывала ні стала таго, ні пернікаў! Замест яго сядзіць на зэдліку дзед вусаты, нагу на нагу закінуўшы, люльку ў зубах трымае, пацмоквае. Глядзіць на яго Пракоп і вачам не верыць: ну, чыста сусед іхні, Пятро, толькі валасы і вусы зялёныя, і з люлькі замест дыму, бубралкі пускае. Толькі хацеў ён з “суседам” парукацца, а таго раз — і няма, стаіць ўжо каля дзвярэй, галавой хітае ды за сабой нібыта кліча.

Дзень роднай мовы з казкай-гумарэскай: "У гасцях у вадзяніка"

Плыве Пракоп за ім і не верыць вачам: паказвае стары харомы свае. У адным пакоі русалкі перлінкі рачныя маціцай фарбуюць, у другім рыбы з малькамі ў хованкі гуляюць, а ў трэйцім жабы-нянькі за рачкамі глядзяць, бразготкамі, знаюць, патрэсваюць. Ці доўга, ці мала аглядалі яны пакоі гэтыя, а ўрэшце зноў у першым аказаліся. Стаіць стол пасярэдзіне, на дзве персоны накрыты. Замест талерак — ракавінкі, па баках ад іх сурвэткі з водарасцяў, а лыжак дык зусім няма. А на стале тым — і бульба, і вэнджаніна, і ікра, і рыба запечаная, і пітва на любы густ. Цячэ сліна ў Пракопа, а стары паказвае на стол — частуйся. Не доўга ён думаў, наеўся да адвалу. А стары бутэльку з віном ў рукі бярэ, грэйцарам адкаркоўваць хоча, а Пракоп, галавой хітае, не пітушчы я, маўляў. Пазелянеў дзед зусім, не звык, што ад ягоных пачастункаў адмаўляюцца, ды як запусціць тым коркам мужыку ў лоб…

Ай, Божачка ж ты мой, чалавека забіваюць сярод белага дня!”, закрычаў Пракоп ды прачнуўся…  “Уставай, ёлупень, зусім з глузду з’ехаў, у лазні парыцца трэба, а не на паліцы ў вус дуць! Я табе вяхотку прынесла”. А Пракоп, усё вачам сваім не верыць. “Манька, ці ты гэта?”, за лоб хапаецца, мацае, ці няма гуза там. “А каму ж тут быць, як не мне?” Пераказаў тады Пракоп сон свой Маньцы. Доўга тая рагатала, а потым і бабам у вёсцы растрапала. Кпілі з ейнага мужа не адзін дзень, прасілі расказаць, як той у гасцях у вадзяніка пабываў, і доўга яшчэ гэтая гісторыя не сыходзіла з вуснаў аднавяскоўцаў.

Слоўнік:

абрус – скатерть
бразготка – погремушка
бурбалкі – пузыри
весніцы – калитка
вэнджаніна – копчености
вяхотка – мочалка
грэйцар – штопор
гуз – шишка
дзіда – копье
зэдлік – стульчик, скамеечка
карагод – хоровод
карунак – кружево
корак – пробка
лазня – баня
лытка – голень, икра ноги
люлька – трубка
маціца – перламутр
маціцовы – перламутровый
палонка – прорубь
перлінка – жечужинка
пернік – пряник
скокі – танцы, пляски
тарча – щит
цыдулка – записка
шчэлепы – жабры
шыпшына – шиповник

3 2 голоса
Оцените статью
Подписаться
уведомления
0 Комментарий
Inline Feedbacks
Посмотреть все комментарии