Свята-Пакроўская царква ў Асінагарадку
Асінагарадок, Віцебскай вобласці, знаходзіцца на шляху з пасёлка Казлоўшчына ў мястэчка з прыгожай назвай – Парыж. Галоўная цікавостка ў вёсцы – Пакроўская царква і званіца, але ёсць і яшчэ пару цікавых нюансаў, вартых увагі. Сама царква з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Праект храма можна аднесці да тыпавых, але ў спалучэнні з вежай і месцам выглядае ўсё вельмі цікава.

На храме ёсць інфармацыйная таблічка з датай будаўніцтва – 1830 год, але ў некаторых крыніцах згадваюцца і больш раннія звесткі – 1782 год. Прычына простая, царква ў Асінгарадку неаднаразова перабудоўвалася і рэканструявалася. Таму з упэўненасцю складана сцвярджаць, якая дата дакладная. Нягледзячы на блытаніну, вядома што сваё цяперашняе аблічча Пакроўскі храм атрымаў у выніку капітальнага рамонту 1897 года. Работы праводзіліся на грошы і пры падтрымцы князя Друцкага-Любецкага.


Асобна варта вылучыць вежу-званіцу. Падобных пабудоў на тэрыторыі Беларусі зусім няшмат. Званіца спалучае ў сабе рысы стылю мадэрн, які дапаўняецца класічнай праваслаўнай архітэктурай (верхні ярус). Ніжні ярус выкананы з бутавага каменя і хутчэй за ўсё пабудаваны ў перыяд рэканструкцыі царквы напрыканцы 19 стагоддзя.

Перад уваходам на тэрыторыю храма, ёсць невялічкая брама – простая і даволі звычайная па форме. Царква ў Асінгарадку цікава і сваім размяшчэннем, храм знаходзіцца на схіле старажытнага гарадзішча, якое адносіцца да Жалезнага веку (5-ае стагоддзе).
Траецкая царква ў вёсцы Княгінін
Калі ехаць па дарозе з Мінска ў Мядзел можна наведаць аграгарадок Княгінін, дзе захавалася драўляная царква 19 стагоддзі (а па іншых крыніцах 18 стагоддзі). Траецкі храм размешчаны ў самым цэнтры пасёлка, на галоўнай плошчы. У 2010 годзе царкву адрэстаўравалі, таму зараз ён выглядае крыху новабудом. Зменена вежа, у ёй заклалі вокны і нібыта паменшылі ў вышыню. Арачныя драўляныя вокны замянілі на прастакутныя ПВХ, якія значна спрашчаюць архітэктуру царквы.

Агароджу і браму з колатых валуноў пабудавалі ў 1907 годзе. Праз нейкі час агароджу разабралі і перарабілі, але ўжо з бутавага каменя. Па выніку яна выглядае нават больш аўтэнтычна за сам храм. За ваенным часам царква ў Княгініне не пацярпела, па ўспамінах старажылаў, мясцовы бацюшка быў дыпламатам і ўмеў дамовіцца як з немцамі, так і з партызанамі.

Ад Княгініна варта праехаць у бок Крывічаў, там знаходзіцца былы кляштар трынітарыяў, а таксама царква 1887 года.
Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква ў вёсцы Гарадок
Класічны ўзор народнага драўлянага дойлідства можна ўбачыць у Гарадку (старая назва мястэчка – “Глуск Пагарэлы”), Магілёўскай вобласці. Царква асвечаная імем святых Казьмы і Дзям’яна, узведзена ў 1814 годзе, па-іншым крыніцам у 1866 годзе. Па памерах каля 32 на 12 метраў, вылучаецца скатным купалам, які верагодна перароблены за савецкім перыядам.

Вакол царквы размешчана каменная агароджа з даволі простай брамай пачатку 20 стагоддзя. На тэрыторыі ёсць невялічкія могілкі, а таксама часткова захавалася нябожчыцкая.

Цікавы факт: храм функцыянаваў на працягу ўсёй сваёй гісторыі, за выключэннем кароткага перыяду перад Другой сусветнай вайной. На мяжы 70-ых гадоў царкву капітальна адрамантавалі, сёння яна адкрыта для ўсіх ахвочых.
Драўляная царква ў вёсцы Малыя Жухавічы
Недалёка ад пасёлка Мір ёсць вёска Малыя Жухавічы, дзе можна паглядзець цікавую драўляную царкву. Храм пабудавалі ў сярэдзіне 19-га стагоддзя, у 1878 годзе, на месцы папярэдніка. Па іншых звестках нават значна раней – у 1783 годзе, а пасля царкву толькі перабудоўвалі. Адзінага меркавання па гісторыі царквы няма. Царква Раства Іаана Прадцечы выканана ў рэтраспектыўна-рускім стылі, мае высокую вежу-званіцу, якая з’яўляецца дамінантай у архітэктуры храма.

З 1961 года парафія не функцыянавала, а царква ў Малых Жухавічах верагодна была закрыта. Вядома, што зноў вернутая вернікам толькі ў 1989 годзе. Акрамя царквы, у Малых Жухавічах знаходзілася адразу некалькі маёнткаў, але за савецкім часам былі разбураныя. Ад сядзібы Сомерсаў засталіся руіны афіцыны і фрагменты парка. Іншая сядзіба, роды Рудлеўскіх, сёння выглядае як звычайны жылы дом, у якім складана ўбачыць нешта асаблівае.

Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў Гарадзішчы
Калі вы цікавіцеся драўляным дойлідствам у Беларусі, то вам абавязкова трэба паглядзець царкву у гарадскім пасёлку Гарадзішча. Храм датуецца 1922 годам і захаваў у сабе аўтэнтычнасць і гістарычнасць. Царква Крыжаўзвіжанская размяшчаецца на вуліцы 17 верасня, на тым жа месцы, што і храм-папярэднік 1764 года. У архітэктурным плане храм адносіцца да неарускага стыля (больш вядомы як псеўдарускі).

Гарадзішчанская царква вылучаецца яркім разным дэкорам, а асаблівай увагі вартыя драўляныя рамы вокнаў і апраўленне. Вакол храма размяшчаюцца старажытныя могілкі, тэрыторыя дагледжана і прыбрана. Па суседстве з царквой знаходзіцца драўляная званіца, паводле некаторых крыніц яна 1840 года. Выглядае вельмі проста, без якіх-небудзь празмернасцяў, толькі вось на старэнькім даху пакасіўся крыж.

Таксама ў Гарадзішчы будзе цікава паглядзець касцёл Дзевы Маріі, побач з пажарнай часткай.
Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Пацавічах
Пацавічы – гэта невялічкая вёска на шляху з Пяскоў да Зэльвы, калі ехаць па трасе Р50. Галоўная цікавостка ў Пацавічах – праваслаўны храм, які адносіцца да царквы Свяціцеля Мікалая у суседніх Самуйлавічах. Царква датуецца 1867 годам, выканана з дрэва, асветлена ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

Храм сціплы па памерах з дагледжанай тэрыторыяй. Вакол расстаўлены лавачкі, службы ў добрае надвор’е праводзяць на вуліцы, а літургія здзяйсняецца раз на месяц.
Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Слабодка
Паміж паркам гісторыі Сула і мястэчкам Куль ёсць вёска Слабодка, дзе можна паглядзець драўляную царкву Святога Георгія. Знаходзіцца храм у Стаўбцоўскім раёне, Мінскай вобласці, прыблізна 40 хвілін язды ад Мінску. Дакладная дата будаўніцтва гэтага храма – невядомая, але ёсць дзве здагадкі – 1880 год і 1905 год.

Царква ў вёсцы Слабодка – добры прыклад драўлянага дойлідства Беларусі. Дарэчы, вельмі падобная царква ёсць у вёсцы Кіявец.

Свята-Георгіеўская царква ў аграгарадку Залужжа
На шляху са Старых Дарог да Мар’інай Горкі будзе аграгарадок Залужжа, дзе захавалася драўляная царква Святога Георгія. Царква існавала з моманту заснавання мястэчка, але сённяшні храм перабудавалі на пачатку 20 стагоддзя, верагодная дата – 1905 год.

Само мястэчка Залужжа згадваецца ў гісторыі яшчэ ў 16 стагоддзі, як валоданне роду Алелькавічаў, пасля Радзівілаў і Вітгенштэйнаў.

За савецкім часам у будынку храма размяшчаўся клуб, які функцыянаваў амаль да 90-ых гадоў. Пасля чаго Георгіеўская царква вернута вернікам, а службы аднавіліся. Знайсці храм нескладана: з трасы Р92 адзіны з’езд перад школай і стадыёнам.
Пакроўская царква і брама-званіца ў вёсцы Лань
Аграгарадок з прыгожай назвай Лань знаходзіцца на шляху паміж Нясвіжам и Клецкам, а галоўныя славутасці – гэта Свята-Пакроўская царква і каменная брама-званіца. Храм быў пабудаваны ў далёкім 1844 годзе і адносіцца да помнікаў драўлянага дойлідства.

Перад Пакроўскім храмам размяшчаецца масіўная брама-званіца выкананая з бутавага каменя ў 1874 годзе. Па форме брама двух’ярусная і двухарачная, злева ад яе знаходзіцца пакойчых-старожка.

Царква ў вёсцы Лань была закрыта з 60-ых і да пачатку 90-ых. Вядома, што ў 1992 годзе здарыўся пажар, пасля якога храм нязначна перабудавалі. Тэлефон храма – +375-1770-331417.
Свята-Ільінская царква ў аграгарадку Сакаўшчына
За некалькі кіламетраў ад горада Валожын ёсць аграгарадок Сакаўшчына, дзе сярод славутасцяў вылучаецца царква Святога Іллі. Храм можна аднесці да помнікаў драўлянага дойлідства, праваслаўны, часткова функцыянуе і сёння.

Царква ў Сакаўшчыне была пабудавана з дрэва ў 1878 годзе, пра гэта сведчыць таблічка на вежы-званіцы. Хутчэй за ўсё храм захаваўся ў першапачатковым выглядзе. Царква даволі багатая на дробныя дэталі з дрэва, якія нядрэнна захаваліся. Сам храм па форме і кампазіцыі квадратны, званіца – трох’ярусная, вокны і ўваходы – прамавугольныя.

Аграгарадок Сакаўшчына ўдала размешчаны на трасе H8262, царкву Святога Іллі лёгка знайсці – размешчаецца на ўскраіне пасёлка, на мясцовых могілках.









