У Гродне, на вуліцы Элізы Ажэшкі, можна наведаць аднайменны дом-музей, прысвечаны творчай дзейнасці і жыццю вядомай пісьменніцы. Музей размяшчаецца ў пабудове 1976 года, якая паўтарае аблічча арыгінальнага дома ў які Эльжбета прыехала ў 1894 годзе. Тут яна пражыла 16 гадоў, займаючыся дабрачыннасцю, творчасцю і мастацтвам.

Калі ўважліва паглядзець на старыя здымкі першай паловы 20 стагоддзя, то даволі прыкметна што арыгінальны будынак размяшчаўся крыху бліжэй да дарогі.

Яшчэ адзін цікавы момант – назва вуліцы на якой размяшчаецца гэтая цікавостка. Пры жыцці пісьменніцы – Садовая і Мураўёўская, а ў 1920 годзе вуліца перайменавана ў гонар Элізы Ажэшкі. Цікава, што гэтая назва захавалася да нашых дзён не змяніўшыся на што-небудзь больш савецкае (хоць такі прэцэдэнт і быў: у 1939 годзе назва вуліцы – Ленінская).

У музеі прадстаўлены розныя экспанаты і прадметы інтэр’ера, аднак асноўную каштоўнасць маюць кнігі, некаторыя з якіх нават памятаюць рукі легендарнай пісьменніцы.
Помнік Элізе Ажэшкі ўсталявалі ў 1929 годзе, хоць планавалі гэта зрабіць яшчэ ў 1911 годзе. Першапачаткова бюст на высокім пастаменце размяшчаўся недалёка ад Гродзенскага тэатра, дзе прастаяў да 1941 года. Потым, на нейкі час, помнік знік з поля зроку, па чутках яго перанеслі на старадаўнія каталіцкія могілкі, дзе дарэчы і пахаваная Эльжбета Паўлоўская.

У 1947 годзе праведзена рэканструкцыя помніка з урачыстым адкрыццём на новым месцы – скрыжаванне вуліц Тэлеграфнай і Ажэшкі, дзе ён і застаецца дагэтуль.
Месца знакавае не толькі для турыстаў, але і мясцовых жыхароў, для якіх яно стала кропкай сустрэч і па-простаму звалася “У каменнай матулі”. Музей працуе штодня з 10 да 7 вечара (па выходных да 18:00), уваход платны, ёсць магчымасць замовіць падрабязную экскурсію.
Калі будзеце ў Гродне, то абавязкова зазірніце ў касцёл Францыска Ксаверыя і найстарэйшы храм горада – Барысаглебскую царкву.