Баранавіцкі раён, Брэсцкай вобласці, асабліва багаты на славутасці і цікавыя мясціны. Напрыклад недалёка ад трасы М1 знаходзіцца вёска Сталовічы, дзе можна паглядзець адзіны на тэрыторыі сучаснай Беларусі храм рыцараў Мальтыйскага ордэна. Першапачаткова гэта быў касцёл, а сёння царква Святога Аляксандра Неўскага.

Сталовічы маюць доўгую гісторыю, а ў летапісе мястэчка згадваецца ўжо ў 14 стагоддзі. Таксама вядома, што ў першай палове 17 стагоддзі ў гэтых краях з’явіўся ордэн Мальтыйскіх рыцараў (Што за Мальтыйскі ордэн? Гэта рэлігійны рыцарскі ордэн, які мае даволі шырокі ўплыў па ўсім свеце), якіх cюды запрасіў Мікалай Радзівіл Сіротка.

У той жа перыяд закладзены і першы драўляны касцёл, на месцы якога, праз 30 гадоў, пачалі будаўніцтва каменнай капліцы.

У 1736 годзе архітэктар Іосіф Фантана III прадставіў свой праект новага каменнага касцёла і неўзабаве прыступаюць да ўзвядзення храма. Аднак работы ішлі марудна і ў 1743 годзе месца галоўнага архітэктара займае вядомы майстар віленскага барока – Іаган Глаўбіц. Праект будучага касцёла часткова зменьваюць, згодна з дапрацоўкамі і заўвагамі Глаўбіца. І праз 3 гады ў Сталовічах ужо стаяў касцёл Іаана Хрысціцеля.

У 1817 годзе Мальтыйскі ордэн перастаў афіцыйна існаваць на тэрыторыі Беларусі. У перыяд актыўнай барацьбы з каталіцызмам (пасля паражэння паўстання 1863 года) храм перарабілі ва Успенскую царкву. Часткова перабудавалі будынак у 1868 годзе, надбудавалі 5 купалоў, каб надаць архітэктуры традыцыйны праваслаўны стыль.


Па сваёй архітэктуры былы касцёл Мальтыйскага ордэна – гэта выдатны прыклад барока. Будынак мае дастаткова строгі, але пластычны фасад упрыгожаны пілястрамі.

Вежы маюць тры ярусы і аднолькавую вышыню з франтонам. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі, інтэр’ер і прастора ўнутры падзелена на 3 нефы.

Праваслаўныя купалы і светлавы барабан дэмантавалі ў першай палове 20 стагоддзя, калі Сталовічы ўваходзілі ў склад міжваеннай Польшчы.

Побач з храмам звернеце ўвагу на мемарыяльны камень, усталяваны ў памяць аб бітве войскаў гетмана Агінскага і рускай арміі пад камандаваннем Суворава ў 1771 годзе.

Сёння царква Святога Аляксандра Неўскага ў вёскі Сталовічы дзейнічае і прымае прыхаджан. Славутасць размешчана на цэнтральнай вуліцы Сталовічаў і добра бачная яшчэ на пад’ездзе, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Побач ёсць яшчэ адна цікавы аб’ект – касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса, таксама рэкамендую з’ездзіць у Карчова.








