Барысаўшчына – гэта былое мястэчка, якое згадваецца ў летапісе яшчэ ў першай палове 17 стагоддзя. За такую доўгую гісторыю тут змянілася шмат уладароў: Вольскія, Збароўскія, Аскеркі, Ястржэмбскія і некаторыя іншыя. Сёння, у вёсцы Барысаўшчына, Гомельскай вобласці, можна паглядзець руіны вельмі дзіўнай вежы, магчыма адной з самых незвычайных у Беларусі, а таксама рэшткі сядзібы.
Гэты масіўны 5-павярховы будынак быў пабудаваны як частка сядзібы Ястржэмбскіх (дарэчы ў гісторыка Федарука – Эстрэмскія).
Будаўніцтва гэтай сядзібы ў Барысаўшчыне вялося дзесьці ў другой палове 19 – напачатку 20 стагоддзя. Дамінуючы стыль архітэктуры – неаготыка з рознымі эклектычнымі адгалінаваннямі. З іншых пабудоў сядзібы Ястржэмбскіх захаваліся некаторыя гаспадарчыя і службовыя. Так сярод іх ёсць свіран, стайня, часткова ўязная брама і агароджа, ну і вядома вежа.
А вось сама сядзіба Ястржэмбскіх была цалкам разбурана (адшукаць можна толькі падмурак).
Амаль у кожнага наведвальніка, ці турыста, які праезджае ў Барысаўшчыну найбольшую цікавасць выклікае старадаўняя вежа (у шмат якіх крыніцах інфармацыі яна згадваецца як бровар). На жаль вежа, як і большасць іншых пабудоў сядзібнага комплексу, захавалася толькі ў выглядзе руін.
Сама вежа выканана з цэглы, мае квадратную форму, з чатырма невялічкімі круглымі вежкамі па вуглах будынка.
А вось падняцца на вежу ўжо не атрымаецца, бо ўсе лесвічныя маршы разабраны, або разбурыліся.
Побач з вежай знаходзілася пякарня, ад якой захавалася толькі адна сцяна. Былы дом аканома (ён стаіць злева ад вежы, калі быць да яе тварам) за савецкім часам прыстасавалі пад дзіцячы сад, таму ягоны стан быў даволі доўга больш-менш нармальны. Напачатку 2000-ых здарыўся пажар, ад якога абваліўся дах і вось тады стан будынка стаў хутка пагаршацца.
Будынак з калонамі і трохкутным франтонам – былы флігель. Пры саветах тут захоўвалі інвентар сяляне і рабочыя. Цікава што гэта пабудова выглядае зусім невялічкай, але калі зірнуць з паветра, то карціна адразу мяняецца.
Барысаўшчына, як і многія падобныя мястэчка, пакідае крыху сумныя пачуцці. З аднаго боку дзівішся нашай багатай і цікавай гісторыі, а з іншага – бачыш як яна бясследна сыходзіць і руйнуецца. Былы маёнтак Ястржэмбскіх знаходзіцца паміж Мазыром і Хойнікамі. Каб патрапіць у вёску, з’язджайце з трасы Р35 і рухайцеся да павароту перад рэчкай Віць. Адкуль убачыце браму і агароджу, смела едзьце па гэтай дарозе.
За некалькі кіламетраў ад Барысаўшчыны ёсць унікальны манастыр у Юравічах, а Рудакове можна яшчэ паглядзець руіны сядзібы Ваньковічаў-Аскеркаў.