Маёнтак Дзедзінка (сёння гэта вёска Дзедзіна ды Асада-Дзедзіна) вядомы яшчэ з першай паловы 16 стагоддзя як валоданне Агінскіх. У 1647 годзе Дзедзінка была прададзена Себасціяну Мірскаму, – Браслаўскаму земскаму суддзі і ўладальніку Мёр у той час. Затым гэтыя землі перайшлі да прадстаўнікоў Плятэраў-Рудамінаў, але найбольшы ўнёсак застаўся ад Рудніцкіх пры якіх пабудаваны класічны палац.

Па замове Аляксандра Рудніцкага, у 1810 годзе пачынаецца будаўніцтва сядзібы Асада-Дзедзіна. Работы ішлі павольна і завяршыліся толькі ў 1820. Новы палац меў два паверхі і модны на той момант стыль архітэктуры класіцызм, дзе дамінантнае месца заняў масіўны порцік на чатырох калонах.
На старым даваенным здымку добра бачна, што раней другое святло порціка ўяўляў сабой закрыты балкон, дзе хутчэй за ўсё была гасцёўня.
Рудніцкім сядзіба належала да 1930 года, а страцілі яны свае землі з-за марнатраўства апошняга ўладальніка Дзедзіна – Зігмунда Рудніцкага. Менавіта пры ім палац моцна састарэў і пакрысе прыходзіў у запусценне. Нейкі час, яшчэ да пачатку вайны, тут гаспадарылі Вішнявецкія, якім Зігмунд прадаў радавы маёнтак.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў сценах ужо былой сядзібы пачала працаваць адміністрацыя калгаса з гучнай назвай “Ленінскі шлях”. Да канца 80-ых будынак выкарыстоўваць перасталі.

Судзячы па планавых рашэннях, на другім паверсе былі жылыя пакоі, а першы выконваў адміністрацыйныя і гасцявыя функцыі, таксама тут жа жылі слугі і знаходзілася кухня. Асобна варта згадаць склеп з прыгожымі неагатычнымі скляпеннямі, якія нядрэнна захаваліся і сёння.
Унутры палаца мала што ацалела, але сустракаюцца дэкаратыўныя элементы як часоў Рудніцкіх, так і ўжо савецкага перыяду.
У 2010 годзе сядзібу выстаўлялі на таргі і нават змаглі прадаць. Праўда новы ўладар не здолеў рэалізаваць план па аднаўленні. Аналагічная сітуацыя адбылася і ў 2018 годзе. На прасторах інтэрнэту ўбачыў інфармацыю, што будынак зноў прадалі ў жніўні 2021 года, усяго за 29 рублёў. Новаму ўласніку трэба будзе зрабіць вялікі аб’ём работ, які трэба ажыццявіць за бліжэйшыя гады.
На пад’ездзе да Асада-Дзедзіна ёсць невялічкія могілкі з каталіцкай каплічкай. Тут можна ўбачыць некалькі старых пахаванняў. Адно з іх звязана з продкамі біскупа Чэслава Сіповіча, які як раз нарадзіўся ў Дзедзіна.
Сядзіба знаходзіцца крыху наводдаль ад трасы якая злучае Мёры і Друю, дарога сюды зойме каля 20 хвілін, ніжэй адзнака з кропкай на мапе:
Па шляху раю заехаць у Ідолту, дзе захавалася капліца-пахавальня Мілашоў і касцёл Божай Маці Шкаплернай.