Яўрэйская спадчына ў Астрыне
Гарадскі пасёлак Астрына знаходзіцца ў Шчучынскім раёне, Гродзенскай вобласці і мае дастаткова багатую гісторыю. Першыя пісьмовыя згадкі адносяцца да сярэдзіны 15 стагоддзя, а ў розныя перыяды гэтымі землямі валодалі: Хадкевічы, Пацы, Зянковічы. Ёсць і цікавыя славутасці: Спаса-Праабражэнская царква, касцёл Святой Тэрэзы, помнік Алаізы Пашкевіч, а таксама радавая забудова канца 19 – першай паловы 20 стагоддзя. Акрамя таго ў Астрыне захаваліся дзве сінагогі – менавіта пра іх раскажу падрабязней.
Сінагогі датуюцца 1916 годам, пабудаваны на месцы сваіх драўляных папярэднікаў. Вялікая сінагога, яна ж халодная, мае больш цікавую архітэктуру і вылучаецца арачным рызалітам. Фасад атынкаваны і пафарбаваны, сцены рассечаныя пілястрамі і карнізам.
Бакавыя сцены, а таксама задні фасад, больш сціплыя, але і яны не пазбаўлены архітэктурных элементаў.
Даволі доўга астрынская сінагога выкарыстоўвалася пад патрэбы Дома культуры, але апошнія некалькі гадоў будынак стаіць напаўзакінутым.
У 2021 годзе з’явілася інфармацыя, што пабудову выкупіў бізнесмен з Самары, які планаваў тут арганізаваць музей яўрэйскай культуры.
Па суседстве стаіць малая сінагога (Бейт Мідраш), яна ж цёплая, дзіўна, што будынак амаль цалкам захаваў першапачатковае аблічча і не быў перабудаваны. Сёння гэтая пабудова поўнасцю закансерваваная.

Акрамя сінагагальнага двара ў Астрыне будзе цікава агледзець радавую забудову, прадстаўленую адно і двухпавярховымі цаглянымі будынкамі.
Некаторыя з іх адрэстаўраваныя і выглядаюць вельмі нядрэнна, іншыя – відавочна чакаюць рамонту.
На цэнтральнай плошчы звярніце ўвагу і на самы старажытны аб’ект у Астрыне – праваслаўны храм 1865 года.
У гэтых краях таксама рэкамендую наведаць Шчучын, дзе можна паглядзець палац Друцкіх-Любецкіх і кляштар піяраў.
Будынак былой сінагогі ў Шклове
Шклоў 18-19 стагоддзя – гэта адзін з цэнтраў габрэйскага грамадства на тэрыторыі Беларусі. Амаль палова жыхароў тагачаснага горада былі яўрэямі, датагож ім належала большая частка нерухомасці Шклова, і ад іх жа паступала значная частка грошай у мясцовы бюджэт ад гандлю. Таму абсалютна нядзіўна, што ў Шклове існавала сінагога і нават не адна.

Калі казаць з пункту гледжання славутасцяў, то цікавасць выклікае будынак на вуліцы Дзікуна 99. Даволі часта выходзіць блытаніна са Шклоўскімі сінагогамі і старымі здымкамі. Напрыклад вышэй на здымку – Вялікая сінагога Шклова, ад яе нічога не захавалася. Таксама за Вялікую сінагогу часта прымаюць будынак на вуліцы Інтэрнацыянальная 64, там зараз працуе прадпрыемства маслазавода.
Сёння ж, будынак ужо былой сінагогі выкарыстоўваюць часткова пад нейкую вытворчасць. Пра тое, што гэта старажытны аб’ект нагадвае толькі таблічка “Гістарычная каштоўнасць”.
Гэтая каменная сінагога была пабудавана яшчэ ў 1790 годзе, але часам сустракаюцца і больш смелыя здагадкі – сярэдзіна 17 стагоддзя.
Пасля рэвалюцыі 1917 года ў Шклове быў значны адток яўрэйскага насельніцтва. У асноўным з’язджала моладзь. Сінагогу закрылі ў 1930 годзе, а будынак з часам сталі выкарыстоўваць пад патрэбы горада і значна перабудавалі.
Ад старога выгляду засталіся толькі агульныя рысы. Першапачаткова будынак выглядаў масіўна і нечым нагадваў слонімскую сінагогу.
У Шклове яшчэ будзе цікава паглядзець ратушу і касцёл.
Будынак былога клецкага ешыбота “Эц Хаім”
Былы ешыбот (гэта не зусім сінагога, а яўрэйская духоўная семінарыя) можна ўбачыць у горадзе Клецк, што прыблізна за 15 кіламетраў ад Нясвіжа. Ешыбот “Эц Хаім” быў заснаваны ў Слуцку, але ў 1921 годзе пераехала ў Клецк, дзе пражывала вялікая суполка яўрэяў.
Дарэчы, Клецк быў адным з цэнтраў вывучэння Торы. Сам будынак для духоўнай школы пачалі будаваць у 1927 годзе і ўжо праз два гады там праходзілі першыя заняткі.
Сярод выкладчыкаў клецкага ешыбота былі бацька-заснавальнік школы Аарон Котлер і Ісер Залман Мелцэр – рабін літоўскага паходжання. Заняткі ў школе спыніліся з аб’яднаннем СССР і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Аарон Котлер з пачаткам вайны, ратуючыся ад савецкіх уладаў, перавёз ешыбот разам з 270 вучнямі ў Вільню, але там не знайшоў спакою. Прытулак быў знойдзены толькі ў ЗША, у горадзе Лейквуд. Школа атрымала іншую назву – “Бейт Мідраш Гавоа” і з часам ператварылася ў адзін з самых буйных і ўплывовых ешыботаў свету.
Будынак клецкага ешыбота некаторы час пуставаў, а затым у ім размясціўся мясцовы Дом культуры. У 90-ыя тутака на нейкі час адкрылі прадуктовую краму.

Будынак “Эц Хаім” выкананы з рысамі стылю мадэрн, гэты аб’ект уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. 24 лістапада 2014 года адбылася важная падзея для былой школы рабінаў. У Клецк прыехала дэлегацыя, якая складалася са ста артадаксальных яўрэяў з ЗША, Ізраіля, Мексікі, Беларусі і Украіны. У старой школе рабінаў яны правялі ўрок Торы. Таксама наведалі дом дзе жыў Аарон і музей, у якім захоўваецца старажытнае выданне Торы. Сярод удзельнікаў дэлегацыі былі ўнукі лідара артадаксальных габрэяў і заснавальніка Эц Хаім – Малкіэль і Ахарон Катлеры.
Былая сінагога ў Чачэрску
Адным з напамінаў аб яўрэйскай гісторыі Чачэрска служыць пабудова ўжо былой сінагогі. Верагодна яўрэяў у Чачэрск, у сярэдзіне 18 стагоддзя, запрасіў Захар Чарнышоў, тагачасны ўладальнік мястэчка. Па інвентарнай справаздачы і планах населенага пункта 1763 года, можна знайсці інфармацыю аб 5 яўрэйскіх малітоўных дамах. Аднак той будынак, які можна ўбачыць сёння, пабудаваны ў 1800 годзе.
Якой формы і архітэктуры сінагога была першапачаткова, на жаль невядома. Цяпер гэта двухпавярховы цагляны будынак, з невялічкім наборам дэкаратыўных элементаў (першы паверх мае цікавыя ўстаўкі ў выглядзе завостраных арак).
У першай палове 20 стагоддзя колькасць яўрэяў у Чачэрску скарачалася. Моладзь актыўна пераязджала ў буйныя гарады – Гомель, Магілёў. Таму на момант акупацыі агульная колькасць жыхароў яўрэйскага паходжання складала ўжо толькі 200 чалавек (для даведкі ў 1926 годзе пражывала каля 1300 яўрэяў).
Былая сінагога знаходзіцца на вуліцы Пралетарская 27, недалёка ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У Чачэрску таксама будзе цікава паглядзець ратушу і сядзібу Чарнышовых-Круглікавых.
Занядбаны сінагагальны двор у Крэве
Першая асацыяцыя якая ўзнікае пры згадкі пасёлка Крэва – гэта канешне руіны замка. Аднак у Крэве ёсць і іншыя цікавосткі, напрыклад сінагагальны двор, ад якога часткова захаваліся некаторыя будынкі. Найбольш цікавыя – сінагога і міква, якія размешчаны літаральна ля сцен былой крэпасці.
Згодна з архіўнымі дакументамі, на канец 19-пачатак 20 стагоддзя, каля 35% жыхароў Крэва былі габрэямі і нягледзячы на пэўныя абмежаванні, абшчына актыўна развівалася.
Падчас нямецкай акупацыі большасць яўрэяў Крэва былі забітыя, а абшчына так і не змагла аднавіцца. Усе пабудовы сінагагальнага двара з часам прыйшлі ў заняпад. Таму калі шчыра, гледзячы на руіны сінагогі, складана паверыць, што гэта быў сапраўдны малельны дом.
Адзіны напамін – зорка Давіда на сцяне сінагогі.
Будынак міквы ў Крэве выглядае крыху лепш чым сінагога.
У некаторых крыніцах гэты будынак пазначаны як кагальная лазня.
Таксама ў Крэва можна паглядзець габрэйскія могілкі і руіны бісхайма, а яшчэ недалёка ад замка, бліжэй да прадуктовай крамы, ёсць будынак у якім калісьці была яўрэйская школа (хедар).