Руіны Свята-Міхайлаўская царквы ў аграгарадку Сідаравічы
Сідаравічы, Магілёўскай вобласці, вядома яшчэ з сярэдзіны 16 стагоддзя. Сёння гэта невялікі аграгарадок па трасе Е95, якая злучае Магілёў і Гомель. Са славутасцяў тут хочацца вылучыць атмасферныя руіны царквы. Інфармацыі па гэтым храме зусім няшмат. У гістарычных зводках за 1848 год згадваецца, што ў вёсцы Сідаравічы існуе драўляная царква, таму каменны храм імаверна пабудаваны напрыканцы 19 стагоддзі.
Царква выканана з цэглы ў форме васьмігранніка, альбо актагона, вельмі файна выглядаюць пялёсткі якія завяршаюць купал. Дарэчы нягледзячы на даволі сумны стан гэтага будынка, унутры часткова захаваўся роспіс і элементы дэкору.
Некалькі гадоў таму царкву закансервавалі, заклалі ўсе праёмы, укрылі купал і сцены ад разбурэння. Яшчэ на ўездзе ў аграгарадок можна ўбачыць і адрэстаўраваную паштовую станцыю, якой больш за 150 гадоў. Падобныя станцыі будавалі па ўсёй краіне, па тыпавым праекце.
Рэшткі царквы ў вёсцы Круглае
У Пружанскім раёне, Брэсцкай вобласці, ёсць мноства цікавых мясцін. Адна з якіх – гэта былы маёнтак Крашэўскіх “Стары Куплін”. Да нашых дзён сядзіба не захавалася, часткова ацалела толькі царква Нараджэння Божай Маці.
Знайсці руіны гэтага храма – будзе сапраўдны квэст. Ёсць меркаванне, што ў 1834 годзе на гэтым месцы была пабудавана фамільная пахавальня Крашэўскіх. Верагодна пасля паўстання 1863 года тут арганізавалі царкву, нязначна перабудаваўшы будынак. Архітэктура гэтага храма адносіць да стылю ампір, пабудова па форме прамавугольная, невялікага памеру (каля 15*6 метраў). Перад уваходам у храм знаходзілася арачная званіца. Руіны царквы знаходзяцца недалёка ад вёсак Доўгае і Круглае.
Руіны царквы Святой Тройцы ў Маставіках
У Мядзельскім раёне, за 15 кіламетраў ад Будслава, ёсць невялічкая вёска Маставікі, непадалёк ад якой часткова захаваліся руіны Траецкай царквы. Храм быў пабудаваны з чырвонай цэглы напрыканцы 19 стагоддзя і ўяўляе сабой прыклад рэтраспектыўна-рускай архітэктуры.
На тэрыторыі храма захаваліся пахаванні настаяцеляў, за імі па магчымасці даглядае святар храма Святога Мікалая, які знаходзіцца ў вёсцы Старыя Габы.
Чырвоная Слабада – Руіны царквы ля трасы М5
На ўскрайку вёсачцы Чырвоная Слабада часткова захаваўся храм, але на жаль пра яго няшмат што вядома. Пабудова датуецца 19 стагоддзем і мае даволі класічны стыль архітэктуры.
Па сваем праекце царква з’яўляецца тыпавой, аналагічныя храмы можна ўбачыць па ўсёй Беларусі. Царква стаіць закінутая яшчэ з савецкіх часоў і імаверна разбурана ці пад час вайны, ці адразу пасля.
Сёння ад храма засталіся толькі сцены, але і яны выглядаюць маляўніча.
Рэшткі царквы Святога Георгія ў вёсцы Камсамольская
Вёска Камсамольская, Капыльскага раёна, была часткай маёнтка Пукава (сённяшнія Сунаі) да 1964 года, а галоўная цікавостка гэтага мястэчка – былая царква Святога Георгія. Царкву ўзвялі ў 1858 годзе, на месцы драўлянага папярэдніка (ёсць меркаванні што на месцы каталіцкага храма).
Георгіеўская царква будавалася на грошы роду Ёдка, чыя сядзіба часткова захавалася ў самой вёсцы Сунаі. Зачынілі гэты храм у 30-ыя гады, ужо калі мястэчка было ў складзе БССР. У той жа час каля царквы была пабудавана ферма, якая існуе і актыўна функцыянуе.
Закінутая царква-касцёл ў вёсцы Старынкі
Першапачаткова гэты храм будаваўся як касцёл па загадзе Аляксандра Ленскага, які на той час валодаў гэтымі мясцінамі. У 1836 годзе касцёл дабудаваны, але амаль адразу быў перададзены ў рукі ўніяцкай царквы, а ўжо ў 1839 годзе тут размяшчаўся праваслаўны храм.
Знайсці гэтыя руіны царквы будзе нескладана, яны знаходзяцца па дарозе да музейнага комплексу Дудуткі.
Руіны царквы Святога Пятра і Паўла ў вёцы Вішоў
Недалёка ад трасы М3, за 20 кіламетраў ад Магілёва, размясціўся аграгарадок Вішоў. У гэтым, здавалася б, непрыкметным месцы знаходзяцца руіны старой царквы Святых Пятра і Паўла. Нягледзячы на тое, што пабудова практычна разбурана, мясцовыя жыхары збудавалі невялічкі алтар і імкнуцца падтрымліваць чысціню ў сценах былога храма.
Гэтая царква была ўзведзена ў 19 стагоддзі ў вёсачцы пад назвай Нежкава (пазней назва была зменена на Вішоў). Гэта было значнай падзеяй для жыхароў Бялыніцкага раёна – Петрапаўлаўскі храм стаў другім каменным праваслаўным храмам. Больш за 200 гадоў у сценах царквы адбываліся богаслужэнні і царкоўныя службы. На жаль за савецкім часам царква падвергнулася разбурэнню. Гэта звязана з паўсюднай палітыкай ліквідацыі рэлігійнага жыцця. Ужо ў нашыя гады, было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага храма, які носіць такую ж назву – царква Святых Пятра і Паўла.
Разваліны царквы ў вёсцы Пачаевічы
Пачаевічы – гэта адна з шматлікіх вёсак Віцебскай вобласці, якая мае статус аграгарадка. Тут жыве каля 250 жыхароў, а праз саму вёску праходзіць аўтадарога Р62 з Чашнікаў амаль да самага Бабруйска. Што цікавага тут можна паглядзець? Мабыць галоўная славутасць вёскі Пачаевічы – гэта маляўнічыя руіны царквы Покрыва Прасвятой Багародзіцы.
Як гэта часта бывае з такімі мясцінамі – праверанай інфармацыі амаль няма. Некалькі крыніц пазначаюць, што царква імаверна пабудавана ў другой палове 17 стагоддзі. Першапачаткова храм быў уніяцкі, затым магчыма каталіцкім, а пасля 1860 года праваслаўным. Канчаткова царква была зачынены ў 30-ыя гады, 20 стагоддзі, пасля чаго зразумела стан гэташа аб’екта хутка стаў пагаршацца. Па інфармацыі Віцебскай газеты разбурэнню спрыялі і мясцовыя жыхары. Калі царква засталася без святара, яны хутка сталі разбіраць яе на цэглу.
Ад царквы-касцёла ацалела толькі некалькі сцен, якія ў агульных рысах даюць уяўленне аб памерах храма. Да развалінаў даволі складана падысці, бо няма нават сцяжынкі, таму давядзецца прасіць праход праз чый-небудзь участак, або наўпрост палюбавацца знікаючай гісторыяй Пачаевічаў здалёк.
Былая царква ў вёсцы Колтава
У Магілёўскай вобласці ёсць вёска Колтава, дзе можна паглядзець руіны царквы. Пра гэты храм захавалася зусім няшмат інфармацыі. Вядома толькі, што царкву збудавалі ў другой палове 19 стагоддзі, верагодна на месцы драўлянай папярэдніцы.
Колтаўская царква выканана з чырвонай цэглы і была атынкавана. На галоўным фасадзе захаваліся дэкаратыўныя аркі, вуглы храма ўпрыгожаны фальш-калонамі. У архітэктуры прасочваюцца рысы візантыйскага стылю.
Уваходы замуравалі некалькі год таму, цікава што мясцовых жыхароў у акрузе амаль няма, – таму ёсць пытанне хто гэта зрабіў? Дарэчы на царкве няма таблічкі “Гістарычная спадчына”. Унутры закінутай царквы ўжо ва ўсю растуць дрэвы, якія хутка дасягнуць вышыню сцен.
Колтава знаходзіцца ў 13 кіламетрах ад горада Мсціслаў, а паварочваць да руін трэба ў вёсцы Пірагова, адкуль яшчэ некалькі хвілін, царква месціцца прама ля дарогі, міма складана праехаць.
Закінутая царква Срэценская ў вёсцы Мосар
У невялічкай вёсачцы Мосар часткова захавалася царква Стрэчання Гасподняга, якая прыбывае ў занядбаным выглядзе. Храм быў узведзены ў 1860 годзе, а закінуты напачатку 20 стагоддзі, арыентыровачна ў 1914-17 гадах. Хутчэй за ўсё пасля гэтага пуставаў і не выкарыстоўваўся.
Царква Стрэчання Гасподняга ў Мосары выканана з каменя, архітэктурны стыль вызначыць даволі складана, але верагодна – псеўдарускі. Хутчэй за ўсё раней існавала вежа-званіца, ад якой нічога не захавалася. Храм знаходзіцца на ўскраіне мясцовага ворнага поля. Дабрацца да руін царквы будзе не так і лёгка. Вёска Мосар знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад трасы Лепель – Полацк, не даязджаючы пасёлка Ушачы. Арыенцір – возера Масарскае, на скрыжаванні трымайцеся лявей.