Чаму Umeda Sky Building у Осацы варта ўбачыць кожнаму падарожніку? Осака ў Японіі часта асацыюецца з яркімі неонавымі шыльдамі Датанборы, старажытным замкам і неверагоднай вулічнай ежай. Але ў гэтым мегаполісе ёсць месца, якое пераносіць вас у атмасферу сапраўднай навуковай фантастыкі. Гаворка ідзе пра хмарачос Umeda Sky Building – адзін з самых вядомых і незвычайных архітэктурных аб’ектаў Японіі. Гэты будынак не проста высокі – ён прапануе цалкам унікальны прасторавы вопыт, ад якога перахапляе дыханне.

У канцы 1980-ых гадоў, падчас эканамічнага буму ў Японіі, архітэктар Хіросі Хара (Hiroshi Hara, які таксама распрацаваў знакаміты вакзал у Кіёта) стварыў незвычайны і дужа амбіцыёзны праект “Паветраны горад” (City of Air). Першапачаткова планавалася пабудаваць чатыры гіганцкія вежы, аб’яднаныя зверху агульнай платформай.

Аднак з-за фінансавага крызісу 90-ых праект давялося крыху спросціць. Так у 1993 годзе з’явіўся 173-метровы Umeda Sky Building, які складаецца з дзвюх 40-павярховых веж (Усходняй і Заходняй). Будынак выглядае як футурыстычная трыумфальная арка ці касмічная брама. Абедзве вежы злучаны на самай вяршыні велізарным круглым купалам-колам, які называюць “Плывучым садам” (Kuchu Teien Observatory).

Тры галоўныя фішкі Umeda Sky Building
Каб падняцца на аглядную пляцоўку, вы спачатку садзіцеся ў ліфт з празрыстым шклом, які імкліва падымае вас на 35-ы паверх. Адтуль пачынаецца самае цікавае – пераход на футурыстычныя эскалатары. Гэтыя эскалатары пракладзены ў металічных трубах са шкляным дахам, якія літаральна завіслі ў паветры паміж дзвюма вежамі. Пад вамі будзе больш за 150 метраў пустэчы, таму адчуванне падчас уздыму такое, быццам вы парталам перамяшчаецеся на нейкую касмічную станцыю. Круглая платформа “Плывучага саду” мае вагу больш за 1000 тон і збіралася цалкам на зямлі. Пасля гэтага яе павольна, сантыметр за сантыметрам, падымалі на вышыню 173 метраў з дапамогай магутных тросавых пад’ёмнікаў. Гэта быў унікальны і вельмі рызыкоўны інжынерны эксперымент для свайго часу.

У адрозненне ад большасці іншых сусветных хмарачосаў, дзе назіральныя пляцоўкі цалкам закрыты тоўстым шклом, у Umeda Sky Building вы можаце выйсці на цалкам адкрыты дах з кругавым аглядам на 360 градусаў. Асабліва прыгожа тут увечары: калі горад запальвае мільёны агнёў, а адмысловая сцежка на даху пачынае самастойна свяціцца мяккім ультрафіялетавым святлом, імітуючы зорнае неба пад нагамі.

У 2008 годзе аўтарытэтнае брытанскае выданне The Times уключыла Umeda Sky Building у спіс “Топ-20 будынкаў свету, якія змянілі архітэктуру”. Ён апынуўся ў адным шэрагу з такімі шэдэўрамі, як Саграда Фамілія ў Барселоне і Тадж-Махал у Індыі.

Калі вы не хочаце плаціць за квіток на самы верхні дах, вы ўсё роўна можаце бясплатна падняцца на ліфце і праехацца на тым самым знакамітым шкляным эскалатары да 39-га паверха. Там знаходзяцца рэстараны, сувенірныя крамы і шкляныя вокны з выдатным відам.
А калі хочацца падняцца ў абсерваторыю Kuchu Teien (Плавучы сад) у будынку Umeda Sky Building у Осацы, тады арыентуйцеся на 2000 іен за ўваходны квіток для дарослага. Тут можна набыць онлайн.

Хмарачос знаходзіцца прыкладна ў 10-15 хвілінах пешшу на поўнач ад станцыі метро Umeda або чыгуначнага вакзала Osaka. Шлях вельмі просты і пралягае праз сучасныя пешаходныя зоны. Umeda Sky Building – гэта бліскучы прыклад таго, як смелая архітэктурная думка можа ператварыць звычайны офісны цэнтр у культавую славутасць. Калі будзеце планаваць свой маршрут па Японіі, абавязкова занясіце гэтае месца ў свой спіс – уражанні гарантаваныя. Ніжэй кропка з адзнакай гэтага аб’екта на мапе:
Вам можа быць таксама будзе цікава паглядзець невялічкае відэа: “Чым падобныя беларусы і японцы”:
View this post on Instagram










