Сёння адправімся ў колішняю вёску сучаснага Крупскага раёна – Шырневічы (таксама сустракаецца варыянт – Шырновічы, Шырнавічы, па руску – Ширновичи), дзе можна паглядзець старыя могілкі з каменнымі крыжамі.
Гісторыя ў мястэчку сапраўды нетыповыя, а маляўнічыя могілкі ў Шырневічах здзівяць нават самага дасведчанага вандроўніка. Сама вёска фактычна не існуе з 1933 года.
Пасля высялення жыхароў спынілася і актыўная пахавальная дзейнасць на вясковых могілках. Менавіта дзякуючы гэтаму факту могілкі захавалі свой непаўторны выгляд і маюць прыкметы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Тут захаваліся помнікі камнесечнага майстэрства – каменныя крыжы, валунныя надмагіллі з высечанымі знакамі і без іх, магілы з каменнай абкладкай (жальнікі).
З гісторыі былой вёскі Шырневічы і яе могілак
Першыя звесткі непасрэдна пра вёску Шырневічы адносяцца да 30-х гадоў, 15 ст. Паселішча было часткай маёнтка Рэпухава, які ў гэты час перайшоў ад князёў Адзінцэвічаў да пана Юрыя Гойцавіча і яго жонкі Ганны. Апошняя пасля смерці першага мужа пабралася другім шлюбам з Іванам Іллінічам і перадала яму Рэпухава разам з Шырневічамі, што было пацверджана вялікім князем у 1481 годзе. У 1560 годзе Шырневічы згадваюцца ў складзе дзяржаўнай Варанцэвіцкай воласці, прыпісанай да Аршанскага замка. На той час вёска складалася з 19 хат, жыхары плацілі на замак мядовую даніну і таксама дадатковыя грашовыя падаткі. Згодна з адміністрацыйнай рэформай 1565–1566 гадоў, мястэчка ў складзе Аршанскага павета, Віцебскага ваяводства. У 1631 годзе згадваецца ў складзе маёнтка Варанцэвічы, паноў Сапегаў, затым Шырневічы перайшлі да Пацаў. У 1775 годзе Шырневічы налічвалі каля 26 двароў.
Вядома што на 1858 год у Шырневічах было 104 жыхара, а сама вёска ўваходзіла ў склад маёнтка Вільянова, які належаў Андрэю Гардзялкоўскаму – будучаму ўдзельніку паўстання 1863 года. На рубяжы 19–20 стагоддзя ўзнікае маёнтак Шырнавічы (менавіта праз “А”) і аднайменны пасёлак. На 1910 год у мястэчку было 37 двароў, 190 жыхароў, а з 1912 года нават працавала народнае вучылішча.
У 1918 годзе у Шырневічах адбыўся сход сялян-беднякоў, які прывітаў устанаўленне савецкай улады. Тады ж была адкрыта пачатковая школа. У 1919 годзе разам з Сенненскім паветам адыходзіць да Віцебскай губерні РСФСР. З 1924 года ў Крупскім раёне, Барысаўскай (пазней Мінскай і Аршанскай) акругі БССР. На 1925 год у вёсцы было 35 гаспадарак, 231 жыхар, у 1926 годзе – 37 гаспадарак, 227 жыхароў. Працаваў вадзяны млын. Але па прычыне стварэння вайсковага палігона ў 1933 годзе, пачалося высяленне жыхароў вёскі.
Сёння гэтыя могілкі лепшы напамін пра мястэчка Шырневічы, ніжэй кропка з адзнакай на мапе дзе знаходзяцца каменныя крыжы:
У горадзе Крупкі будзе таксама цікава паглядзець сядзібу Свяцкіх.