Антопаль, Брэсцкай вобласці, мае даволі багатую і цікавую гісторыю, аднак устанавіць дакладную дату ўтварэння ці першай згадкі мястэчка праблематычна. Адны крыніцы даюць дату 1718 год, іншыя – 1731 год, у Вікіпедыі прыводзіцца канец 16 стагоддзя. Чаму такая блытаніна? Адказ даволі просты – населены пункт некалькі разоў цалкам знішчаўся (спачатку вайна, затым пажары і зноўку вайна). Пастаянныя разбурэнні паўплывалі на забудову і гістарычныя помнікі. Так напрыклад ад старажытнага маёнтка Бравернаў-Гедройцаў не засталося і слядоў, а менавіта пры іх пабудавана Васкрасенская царква – адна з галоўных славутасць Антаполя.
Васкрасенская царква
Праваслаўны храм датуецца 1857 годам, а само будаўніцтва вялося з 1854 года, на месцы ўніяцкага храма-папярэдніка, які згарэў пры пажары. Антопальская царква мае рысы класіцызму і з’яўляецца ўзорам драўлянага дойлідства.

Будынак вылучаецца стылізаваным 4-калонным порцікам, а франтон храма ўпрыгожаны карцінай на тэму ўваскрашэння Ісуса Хрыста.


Над фронтам размяшчаецца традыцыйная для праваслаўнай архітэктуры цыбульная галаўка.


У 1866 годзе, злева ад царквы, пабудавана даволі простая званіца, таксама выкананая з дрэва.

Царкву можна назваць дамінантай галоўнай плошчы Антопаля, знаходзіцца яна на вуліцы Савецкая. Дарэчы на тэрыторыі Васкрасенскага храма ёсць і даволі незвычайны помнік – белая калона.


Чаму прысвечаны гэты абеліск сказаць з упэўненасцю нельга, аднак верагодна – гэта мемарыяльная калона пабудавана ў гонар прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, 3 траўня 1791 года.

Падобныя калоны раней сустракаліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі, іх налічвалася больш за 300. Колькі захавалася сёння, ніхто не ведае, але думаю не больш за 20. Хутчэй за ўсё гэтая мемарыяльная калона ўстаноўлена, калі гэтымі землямі валодаў род Бравернаў, у другой палове 19 стагоддзя. За тым часам у іх быў найбагацейшы маёнтак, які ўключае некалькі заводаў, гаспадарчы двор і канешне сядзібу-палац.

Яшчэ на пачатку 2000 гадоў на калоне можна было ўбачыць лічбы “185”, а на верхавіне абеліска праглядаўся прыгожы карніз. У адзін з чарговых рамонтаў усё зафарбавалі, а карніз затынкавалі. На самой калоне няма інфармацыйнай шыльды і якіх-небудзь абазначэнняў.
Былы касцёл у гарадскім пасёлку Антопаль
Сярод цікавостак Антопаля неабходна вылучыць і былы касцёл Святога Андрэя Баболі. Чаму былы? Сёння ў сценах храма размяшчаецца мясцовая пажарная частка, але нягледзячы на гэта, будынак захаваў ранейшыя архітэктурныя рысы.

Касцёл пабудаваны ў першай палове 20 стагоддзя, як мяркуецца, у 1939 годзе. У кнізе “Збор помнікаў”, пазначана іншая дата – 1838 год, імаверна што гэта памылка друку.

Па архітэктуры будынак мае рысы стылю канструктывізм. Па форме – прамавугольны, вылучаецца высокай двухузроўневай вежай, якая раней служыла званіцай. Ініцыятарам будаўніцтва касцёла выступіла даволі вядомая Марыя Радзевіч, апошняя ўласніца маёнтка ў Грушава (кіламетраў 10 ад Антопаля). Дзякуючы яе падтрымцы, манахі-езуіты перавезлі ў гэты храм рэліквіі былога місіянера Андрэя Баболі.


Пасля заканчэння вайны касцёл у Антопалі стаяў закінутым і доўгія гады не выкарыстоўваўся. У 90-ыя часткова перабудаваны: справа дадалі гараж, а з левага боку боксы для пажарнай машыны.


Былы храм знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Чарняхоўскага і 17 верасня.
Гандлёвыя рады
У любым буйным населеным пункце, а тым больш горадзе, цэнтральная частка заўсёды прыцягвала гандляроў. Часцяком для прадаўцоў мэтанакіравана будаваліся гандлёвыя рады, такія захаваліся і ў гарадскім пасёлку Антопаль.

Антопальскія павільёны можа і выглядаюць сціпла, але з’яўляюцца помнікам грамадзянскай архітэктуры сярэдзіны 19 стагоддзя. Будаваліся яўрэйскай абшчынай, якая на той момант складала 3/4 ад усіх жыхароў.


Пабудова цагляная, аднапавярховая, па форме прамавугольная. Па ўсім перыметры размяшчаліся гандлёвыя кропкі розных памераў, са складамі і без.

Гандлёвымі будынкамі утвараецца ўнутраны дворык, па плошчы каля 300 м2, які мае скразныя праезды.

Сёння гандлёвыя рады ў Антопалі закінуты і відавочна не выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Хаця мясцовыя прадпрымальнікі, як і 150 гадоў, гандлююць побач з галоўнай вуліцай пасёлка. Проста замест павільёнаў выкарыстоўваюць машыны і намёты.

Таксама добра відаць, што будынак шмат разоў перабудоўваўся і змяняўся на працягу 20 стагоддзя. Апошнія арандатары з’ехалі яшчэ да 2010 года, пасля чаго гандлёвыя рады выстаўлялі на продаж. Знайсці патэнцыйнага інвестара пакуль не атрымалася.


Будынак былой антопальскай харальнай сінагогі “Хома”
У Антопалі, Драгічынскага раёна, вельмі багатая яўрэйская гісторыя, невялічкім напамінам пра якую служыць будынак былой харальнай сінагогі “Хома”.

Зараз будынак адрэстаўраваны і з 2008 года выкарыстоўваецца як дом культуры.

З моманту як у Антопалі пасяліліся першыя яўрэі адбылося шмат сумных падзей, якія адбіліся на абшчыне і самім пасёлку. Ад першапачатковага варыянту сінагогі 17 стагоддзя не засталося і следа, як і ад будынка які пабудавалі пасля.

Верагодна, пабудова якую можна ўбачыць сёння, адноўлена пасля Першай сусветнай вайны, на падмурку сінагогі другой паловы 19 стагоддзя.

Па архітэктуры складана меркаваць аб стылі, нічога асабліва характэрнага вылучыць нельга, а без інфармацыйнай шыльды нават пазнаць гістарычны помнік было б даволі складана.

За савецкім часам, у сценах антапольскай сінагогі, размяшчаўся кінатэатр “Радзіма”. Былы яўрэйскі храм знаходзіцца ў цэнтры гарадскога пасёлка, на вуліцы Пралетарская 4.








