Любань – гэта сярэдняга памеру горад Мінскай вобласці, які знаходзіцца ў “квадраце” Салігорск, Старыя Дарогі, Слуцк. Нягледзячы на тое, што землі старажытныя, а першыя пісьмовыя згадкі пра Любань адносяцца яшчэ да 1566 года замкаў і старых храмаў вы тут не ўбачыце. Адна з галоўных цікавостак – блакітныя кар’еры, але гэта ўсё ж такі не гарадскі аб’ект, а хутчэй прыродна-тэхнагенныі, які месціцца бліжэй да вёскі Хоцінава.

А вось з архітэктурных помнікаў у Любані можна наведаць Спаса-Праабражэнскую царкву.

Гэты праваслаўны храм пабудаваны на месцы драўлянага папярэдніка ў 1994 годзе.

Побач з царквой ёсць невялічкая каплічка.

Каталіцкая парафія прадстаўлена касцёлам Маці Божай Фацімскай. Храм будаваўся больш за 20 гадоў, пачынаючы з 90-ых. Размяшчаецца касцёл зусім недалёка ад царквы.

У Любані захаваліся і сляды яўрэйскай абшчыны: на ўскраіне горада зможаце паглядзець старажытныя могілкі 19 стагоддзя, а ў цэнтры – драўляны будынак былой сінагогі.

Яшчэ працуе 2 музеі, першы – музей народнай славы, а другі прысвечаны традыцыйным промыслам і рамёствам.
Калі будзеце ў гэтых краях, то ёсць сэнс і заехаць у суседні Глуск.





