Населеныя пункты з назвай Свіслач сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі даволі часта, што выклікае часам блытаніну. Гаворка ў гэтым допісу будзе пра сядзібу Красінскіх у Свіслачы, Гродзенскай вобласці, Квасоўскага сельсавета. Першыя летапісныя згадкі пра гэтыя мясціны адносяцца яшчэ да першай паловы 16 стагоддзя, тады Свіслач належала Генрыху Грамыку. Затым на працягу некалькіх стагоддзяў уладальнікі маёнтку часта змяняліся, таму вылучыць у гэты перыяд мабыць варта Ромэраў (якія верагодна і заклалі гэтую сядзібу), Пуслоўскіх (пры іх пабудавана папяровая фабрыка), ну і вядома – Красінскіх (апошнія ўладары).

Будаўніцтвам вось гэтай незвычайнай сядзібы ў Свіслачы кіравала Марта Пуслоўская (дачка Вандаліна Пуслоўскага, уладара легендарнага Косаўскага замка і маёнтка Альбярцін) і ейны муж Казімір Красінскі.


Сядзібны дом будаваўся па даволі нетыповым праекце ў архітэктурным стылі мадэрн. Для ўзвядзення гэтага трохпавярховага будынка падрыхтавалі масіўны цокаль і цяжкі падмурак. Увагу зараз прыцягвае партал з гранітных блокаў – які рэзка рэзаніруе з тынкаванымі сценамі.

Незвычайна выглядае і загнуты дах складанай формы. Відаць, што ўладальнікі Свіслачы падышлі да выбару праекту творча і пастараліся вылучыцца на фоне класічных тагачасных маёнткаў.

Пасля смерці Казіміра Красінскага ягоная жонка Марта пакінула маёнтак Свіслач і з’ехала ў Францыю, дзе памерла ў 1943 годзе. Частку вялізнай бібліятэкі яна перадала ў Гродзенскі музей.

У сядзібным доме пасля заканчэння вайны размяшчалася школа, а сам будынак падтрымлівалі ў належным стане. Напачатку 2000-ых былую сядзібу адрэстаўрыравалі і сюды пераехалі розныя адміністрацыйныя службы аграгарадка Свіслач.

На цокальным паверсе працуе мясцовы музей СВК “Свіслач”, калі дазваляе час, – можна паглядзець экспазіцыю.


Знайсці гэтую славутасць даволі проста, ад трасы Р44 згортвайце леваруч у парк, сядзібны дом будзе адразу добра бачны.
Недалёка ёсць яшчэ адзін цікавы аб’ект – драўляны дом на месцы фальварка Бракава. Па шляху ў гэты край раю заехаць у пасёлак Лунна, дзе можна паглядзець касцёл Святой Ганны і некаторыя іншыя цікавосткі.








