Хойнікі – гэта невялікі горад і раённы цэнтр Гомельскай вобласці, а адна з яго галоўных цікавостак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры – былая сядзіба Аўраамавых. Будаваўся гэты маёнтак для абшарніка Андрэя Абрагамавага (Аўраамавага) у першай палове 20 стагоддзя. Да 1912 года сядзібны дом быў цалкам скончаны, аб чым сведчаць памятныя лічбы на фасадзе.
Сядзіба складаецца з дзвюх частак: двухпавярховага галоўнага корпуса з вежай і доўгага аднапавярховага будынка. Архітэктура эклектычная, а сама сядзбіа асіметрычна.
Парадны бок сядзібы сустракае чатырохкалонным порцікам з балконам, а паркавая частка дома вылучаецца трох’яруснай вежай (з гэтага вугла чымсьці хойнінскі маёнтак нагадвае сядзібу ў Пружанах).
Сядзібны комплекс размясціўся на ўчастку каля 10 гектараў і ўяўляе сабой сапраўдны парк – таму не дзіва, што гэтае месца адно з улюбленных у жыхароў Хойнікаў. Дарэчы, ёсць і яшчэ адна цікавая дэталь – гэта помнік у парку. Скульптура носіць назву “Людзі на балоце” і ўсталявана ў гонар Івана Мележа да дня пісьменства ў 2005 годзе.
Сёння ў сценах былой сядзібы Аўраамавых сёння размяшчаецца мясцовы краязнаўчы музей, працуе з 9:00 па 18:00, панядзелак – выходны, а ўваход платны.
Сядзіба знаходзіцца па адрасе: вуліца Карла Маркса 19, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Побач з Хойнікамі ёсць яшчэ 2 вартыя ўвагі цікавосткі: руіны бровара ў Барысаўшчыне і закінуты маёнтак у вёсцы Рудакоў.