Часам у Беларусі сустракаюцца такія месцы і мясціны, што поўняцца таямніц і загадак, а праверанай інфармацыі пра іх амаль не знайсці. Адно з такіх месцаў як раз знаходзіцца ў Ашмянскім раёне, недалёка ад мяжы з Літвой, – невялічкая вёска Роўнае Поле (на старых мапах – Роўнапаль). Тутака, на маляўнічым узвышшы, месцяцца руіны, ці то палаца, ці то сядзібы.

Першыя пісьмовыя згадкі пра мястэчка Роўнае Поле адносяцца да другой паловы 17 стагоддзя і звязаны з імем Крыштафа Дэспат-Зяновіча (менавіта ён спансіраваў будаўніцтва касцёла ў Засвіры). На жаль, невядома як Крыштаф кіраваў маёнткам Раўнаполь (у летапісу дарэчы сустракаецца і іншая назва – Саргольцішкі), але яго спадчыннікі землі страцілі і іх выкупілі нейкія Снядэцкія.

І па ўсёй бачнасці, Анджэй Снядэцкі, ужо на той момант вядомы хімік, вырашае будаваць у Роўнаполе сядзібу. Гэты маёнтак не стаў ягоным асноўным, бо на Ашмяншчыне ў Снядэцкіх быў яшчэ Балтуп і багаты двор у Варнянах. Таму Роўнапаль на іхням фоне выглядаў другасным.

Аднак гэты факт ніяк не адмяняў маляўнічасці і прывабнасці гэтых земляў.

Па рэштках палаца Снядэцкіх шмат чаго не скажаш, але яны моцна нагадваюць па характары і архітэктуры былую друкарню ў Мураванай Ашмянцы. Першапачатковая пабудова была двухпавярховая, з тоўстымі тынкаванымі сценамі.

Будынак стаіць на грунтоўным падмурку з вялікімі сутарэннямі і сапраўдным падзямеллем, праўда зараз яно ўжо засыпана.


Вакол “раўнапольскага замка” яшчэ сустракаюцца старыя паркавыя насаджэнні і дрэвы, краявіды тут сапраўды шыкоўныя.

Снядэцкія валодалі мястэчкам ажно да 1917 года, а апошнімі ўладарамі былі прадстаўнікі роду Сіткоўскіх. Пра далейшы лёс гэтай сядзібы амаль нічога невядома, навокал няма ні калгасаў, ні прадпрыемстваў, таму цалкам імаверна, што пабудову паступова наўпрост разабралі на цэглу.

Ніжэй кропка з адзнакай гэтых руін на мапе:
У гэтым краі таксама будзе цікава паглядзець касцёл Святога Пятра і Паўла ў Жупранах.








