Калісьці на тэрыторыі Брэста быў вялізны бернардынскі кляштар, заснаваны яшчэ ў першай палове 17 стагоддзя. Руіны гэтага комплексу знаходзяцца ў пешай даступнасці ад Холмскай брамы. Манахаў-бернардынцаў у тагачасны Брэст-Літоўск, запрасіў Марцін Шышкоўскі, вядомы каталіцкі дзеяч. Бернардынцы даволі хутка адбудавалі першыя драўляныя будынкі будучага кляштара. Крыху пазней, да 1623 года, ужо скончаны каменны Святога Яна Хрысціцеля (не захаваўся). Прыкладна ў той жа час заснаваны і жаночы кляштар бернардынак (менавіта яго рэшткі можна ўбачыць у Брэсце).
Пры жаночым кляштары таксама быў пабудаваны мураваны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Да канца 18 стагоддзя з каменя перабудавалі і карпусы бернардынак.
Такім чынам увесь комплекс бернардынскага ордэна ўтвараў невялічкае ўнікальнае мястэчка, аналагаў якому на тэрыторыі Беларусі не было. (*Бернардынскія кляштары існавалі тады ў вялікай колькасці, але каб адразу і жаночы, і мужчынскі, і ў адным месцы – не).
Жаночы бернардынскі кляштар закрылі ў 1831 годзе. Большасць пабудоў былі прыстасаваны пад патрэбы кадэцкага корпуса. Найбольшым зменам падвергся касцёл: ад барочнага стылю не засталося і следа, ваенныя інжынеры перабудавалі храм у 3-павярховы корпус з класічным франтонам.
На пачатку 20 стагоддзя, падчас адступлення расійскіх войскаў з Брэста (тады яшчэ Брэст-Літоўска), будынкі зноў моцна пацярпелі. Былы касцёл нагадваў руіны, а яго далейшы лёс вырашылі польскія сапёры – цалкам узарваўшы.
Такім чынам да 1939 году, ад кляштара бернардынак ацалелі толькі двухпавярховыя келлі. Палякі нейкі час выкарыстоўвалі будынак як сталовую, а пасля вайны прызначэнне захавалі ўжо пры савецкай уладзе. Магчыма гэта і выратавала (як бы дзіўна не гучала) пабудову ад поўнага знішчэння на нейкі час.
Да 1980 года амаль усе будынкі кляштара ўжо разабралі на цэглу. Усё, што захавалася – гэта той самы корпус жаночых келій. За 45 гадоў, што будынак не выкарыстоўвалі, ад яго засталіся толькі рэшткі.
У тэорыі блізкасць да адной з самых папулярных славутасцяў Беларусі павінна была б дапамагчы захаваць гэты аб’ект, але пакуль на жаль не. Магчыма, ідэя аднавіць гэты комплекс яшчэ з’явіцца. Дарэчы ў мясцовым краязнаўчым музеі ёсць макет усяго кляштара, па магчымасці зазірніце туды каб на яго паглядзець. Каб дабрацца да руін, ад Холмскай брамы трэба рухацца наўпрост па дарозе метраў 250, ніжэй адзнака на мапе:
Брэст багаты на славутасці і цікавосткі, раю наведаць старыя каталіцкія могілкі недалёка ад цэнтра.