Старажытны род Радзівілаў добра знаёмы амаль кожнаму вандроўніку па Беларусі, ад іх сапраўды засталося безліч гістарычных аб’ектаў. Адзін з якіх як раз знаходзіцца ў вёсцы Паланечка, гэта Брэсцкая вобласць, прыкладна за 120 кіламетраў ад Мінска. Сядзіба ці нават палац Радзівілаў у Паланечцы прыемна ўражвае, нягледзячы на крыху занядбаны стан.


Першыя звесткі пра мястэчка Паланечка адносяцца яшчэ да першай паловы 15 стагоддзі, тады гэтыя землі належалі Ульяне Гальшанскай, на хвіліначку гэта жонка самога Вялікага князя Вітаўта. Ужо затым былі Рудаміны-Дусяцкія і канешне Радзівілы.


Паланечка належала роду Радзівілаў з канца 17 стагоддзя і ажно да самага 1939 года. Цалкам імаверна, нейкі палацык ці сядзіба, стаяла тутака і да Радзвілаў, але мураваны будынак які можна ўбачыць сёння, хутчэй за ўсё пачалі ўзводзіць толькі напрыканцы 18 – пачатку 19 стагоддзі.


Па адной з версій будаваць пачалі па загаду Мацея Радзівіла (вядомы кампазітар і драматург, аўтар оперы “Агатка, або Прыезд пана”), а вось па іншай – ягоным сынам Канстанцінам. Магчыма, як заўсёды, праўда дзесьці пасярод.

Менавіта праз гэтую блытаніну, дакладная дата будаўніцтва палаца ў пісьмовых крыніцах не захавалася, але часцей за ўсё сустракаецца – 1836 год.


Сядзіба Радзівілаў з’яўляецца помнікам архітэктуры стылю класіцызм, ёсць цікавая думка, што за ўзор палаца, нейкі невядомы італьянскі архітэктар, узяў вілу Трывулзіна, што стаіць на возеры Кома ў Італіі.


Да двухпавярховага палацу паабапал прымыкаюць аднапавярховыя флігеля, стан якіх сёння даволі сумны.


Парадны ўваход упрыгожаны чатырохграннымі калонамі (гермамі), наверсе якіх знаходзяцца скульптуры-галовы старажытна грэцкага героя (часткова захаваліся) ці можа гэта нейкі філосаф. Ніжэй на фота можна ўбачыць амаль сіметрычную заднюю частку сядзібы. Гэты ўваход выкарыстоўваўся для гаспадароў палаца, тут размяшчаўся парк і тэраса.

Унутранае ўбранне палаца Радзівілаў было дастаткова простым і нават сціплым, але выканана з густам. Ад былых матываў амаль нічога не захавалася, толькі невялічкія кавалачкі агульнай карціны.


Лічыцца, што росквіт Паланечка набыла, калі ўладаром мястэчка быў Канстанцін Радзівіл. Менавіта па ягонаму загадзе палац і быў грунтоўна перайначаны і атрымаў рысы стылю ампір. Сам палац акружаў маляўнічы парк, які дзяліўся на рэгулярны (французскі) і пейзажны (ангельскі). Асаблівасцю першай часткі парка былі арыгінальна падстрыжаныя дрэвы, а вось пейзажны ўключаў у сябе чатыры тэрасы, якія спускаліся ажно да берага ракі Змейка. Перад сядзібай быў усталяваны сонечны гадзіннік, а цэнтральная алея вяла да капліцы-пахавальні. Была тут і даволі незвычайная аранжарэя ў неагатычным стылі, будынак якой на жаль не захаваўся.

У пасляваенныя гады, у сценах былой сядзібы, размяшчалася школа-інтэрнат, а затым, дзесьці з канца 90-ых, будынак пустуе і пачаў пакрысе разбурацца.


Так доўгія гады палац быў занядбаны, аднак у 2020 годзе сядзібу ў вёсцы Паланечка купілі з аўкцыёну, прыкладна за 20 тысяч рублёў. Новы ўладар планаваў поўнасцю аднавіць былы палац Радзівілаў.


Ніжэй кропка з адзнакай палаца на мапе:
Паланечка – гэта вельмі цікавая вёска, побач з палацам, варта паглядзець касцёл Святога Юрыя і руіны вадзянога млына 1819 гады. Яшчэ адна шыкоўная цікавостка, у гэтым рэгіёне, якую абавязкова раю наведаць, – храм Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Ішкалдзь








