Адна з цікавостак Століна – гэта парк “Манькавічы”, тэрыторыя якога раней не ўваходзіла ў межы горада, а адносілася да суседняй аднайменнай вёскі. Цікава, што першыя згадкі пра Манькавічы знойдзены ў актах канца 14 стагоддзя. Тады мястэчка было ўладаннем князя Фёдара Яраслававіча. Аднак куды больш значны гістарычны перыяд пачынаецца з сярэдзіны 16 стагоддзя, калі кароль Жыгімонт Аўгуст падарыў Давыд-Гарадок (куды ўваходзіў і фальварак Манькавічы) Мікалаю Радзівілу Чорнаму (таму самому ўладальніку Нясвіжскага палаца). Доўгія гады Манькавічы заставаліся адным з дзясяткаў маёнткаў Радзівілаў без сядзібы, пакуль у 1885 годзе не пачалося будаўніцтва сапраўднага палаца. Менавіта так, атрымліваецца што ў сённяшнім Століне мог быць свой палац Радзівілаў, але…


Галоўная нагода будаўніцтва такой вялікай сядзібы ў Манькавічах – гэта жаданне Радзівілаў сумленна падзяліць свае землі паміж нашчадкамі. Таму Манькавічы сталі спадчынай для аднаго з шматлікіх патомкаў Радзівілаў, але тут як раз такі не хапала нейкага значымага дома для гаспод. Так, напрыканцы 19 стагоддзі, Марыя Даротэ дэ Кастэлян-Радзівіл абрала месца з маляўнічым размяшчэннем на беразе ракі Гарынь для будучага палаца, бо як тут жыць было бы без яго?

Да 1905 года завяршыліся асноўныя работы па ўзвядзенні кампактнай барочнай рэзідэнцыі. Галоўнай дамінантай якой стала высокая чатырохпавярховая вежа з гадзіннікам.

Акрамя дэкаратыўнай функцыі, яна выконвала таксама практычную – з’яўлялася воданапорнай. Па чутках, трубы якія вялі ад яе да свідравіны засталіся ў зямлі і сёння.

Сам палац быў збудаваны ў вобразе літары “Г” і складаўся з некалькіх 2-павярховых карпусоў. У цэнтральнай частцы будынка, на стыку флігеля і вежы, знаходзіўся арачны праезд ва ўнутраны дворык.


Свае першыя нязгоды палац у Століне спазнаў яшчэ падчас Першай сусветнай вайны. Наступствы тых разбурэнняў, тагачасны ўладальнік – Караль Радзівіл, здолеў аднавіць толькі к 1922 году. Дарэчы, пры ім сядзіба Манькавічы стала паляўнічай рэзідэнцыяй, куды асабліва любілі прыязджаць графскія госці.

Пасля таго як Столін у 1939 годзе ўвайшоў у склад БССР, палац нацыяналізавалі, а мясцовых Радзівілаў адправілі далёка ў Расію. Падчас вайны частка старадаўняга парка і амаль увесь палацавы комплекс былі знішчаны.

Лічыцца, што нямецкія салдаты нават вывезлі вароты ад уязной брамы.

Сёння, адзіны напамін пра тое, што ў парку Манькавічы калісьці стаяў палац – гэта закладны камень. Яго тутака ўсталяваў яшчэ Станіслаў Радзівіл у знак удзячнасці маці, якая і задумала будаўніцтва палаца. На жаль на камені даволі дрэнна чытаюцца надпісы.

Знайсці месца дзе стаяла сядзіба Радзівілаў не так і складана, арыенцір – стары дуб да якога вядзе алея.


На тэрыторыі паркавага комплексу працуе невялічкі музей.

Кропка з месцазнаходжаннем парка на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю паглядзець закінутую сядзібу Алешаў у Новаберажным.








