Мястэчка Грымяча – гэта зусім невялічкая вёска ў Камянецкім раёне, Брэсцкай вобласці, размешчаная па суседстве з пасёлкам Воўчын. Сёння тут афіцыйна жыве ўсяго некалькі чалавек, але некалі Грымяча была буйным фальваркам. Дарэчы пра тыя часы нагадвае вось такая сядзіба, ці нават палац, роду Пузынаў, якая на 2025 год вось у такім стане.

Былы палац у вёсцы Грымяча нібы і пачалі аднаўляць, але толькі часткова. Чаму часткова? Ну вось глядзіце: тэрыторыя абгароджана плотам, відаць што праведзены работы па аднаўленні сцен, закансервавана сама пабудова. Аднак склалася ўражанне, што працоўных тут ужо даўно не было.

Гісторыя
Пузыны валодалі маёнткам у Грымячы з першай паловы 19 стагоддзя (па некаторых дадзеных з сярэдзіны). Як раз пры і быў закладзены мураваны палац у класічнай архітэктуры, на месцы старога драўлянага дома Віслоцкіх. Новая сядзіба выканана з цэглы, аднапавярховая, памерамі парадку 20 на 35 метраў. Вылучалася складаным чатырохсхільным дахам з люкарнамі. Галоўны ўваход упрыгожвае порцік на дарыйскіх калонах з трохкутным франтонам.

Мяркуецца, што Пузыны валодалі мястэчкам да 1918 года, а затым прадалі сядзібу невядомым гаспадарам. Але ёсць і іншая здагадка, па якой у 1933 годзе апошні ўладар з роду Пузынаў (магчыма гэта быў Эдвард Пузына) прадаў сядзібу польскаму кіраўніцтву, а тыя пераабсталявалі будынак пад школу, якая працавала да 1939 года.

Пры саветах у былым палацыку арганізавалі піянерскі лагер, які дзейнічаў да 1991 года, пасля чаго пачынаецца перыяд маруднага разбурэння сядзібнага дома. Вядома, што было зроблена некалькі спроб перадачы гэтага аб’екта зацікаўленым асобам, але добрага выніку ад гэта не дало.

Каментар аўтара верхняга фота: “Калі ў жніўні 2010 года мы ўпершыню наведаліся ў сядзібу Пузынаў, мясцовыя жыхары сустрэлі нас сумнымі навінамі. Распавялі, што зусім нядаўна, у выніку разбурэння перакрыццяў, загінуў вандроўнік. Пасля гэтага дзверы і вокны забілі дошкамі. Не ведаем так гэта ці не, але магчыма, такая гісторыя была толькі хітрасцю, каб кожны ахвочы не лазіў у закінуты будынак.”

Хто зараз валодае сядзібай і чаго чакаць?
Апошнія 30 год, маёнтак “Грымяча” руйнуецца і паступова прыходзіць у заняпад. Старажылы вёскі ўпэўненыя, што прычыны гэтага ва ўладальніках: з канца 90-ых гадоў яны мяняліся ўжо чатыры разы, але сродкаў на рэстаўрацыю ў выніку ні ў кога не знаходзілася.
Спачатку палац быў на балансе ААТ «Усход-Камянец», якія да работ так і не прыступілі. Потым сядзіба Пузынаў перададзена прыватнай арганізацыі – СП “ВескаБел”, якая мела намер арганізаваць у Грымячы турыстычны аб’ект.
Аднак новыя ўладальнікі не ўлічылі той факт, што на гістарычную сядзібу распаўсюджваецца патрабаванне заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта азначае, што акрамя рэстаўрацыйных работ і рамонту неабходна распрацаваць праектна дакументацыю, падрыхтаваць гістарычную даведку, а гэта дастаткова затратныя мерапрыемствы. На жаль, на той час СП “ВескаБел” не змаглі атрымаць крэдытаванне для рэалізацыі праекта рэстаўрацыі сядзібы. На нейкі час сядзібны комплекс павярнуўся да выканаўчых органаў улады Камянецкага райвыканкама. У 2016 годзе кампанія СП “ВескоБел” зноў атрымлівае аб’ект, на гэты раз з усімі неабходнымі дакументамі. Аднак сёння лёс сядзібы зноўку не зразумелы.
Цікавы факт, убачыць як выглядала сядзіба ў лепшыя часы можна ў фільме 1994 года Lato milosci (Лета кахання).


Акрамя самага сядзібнага дома, у Грымячы часткова захаваўся парк і некалькі гаспадарчых пабудоў. Знайсці гэтыя месцы не цяжка, – ад Воўчына рухайцеся па трасе H344 да канца населенага пункта, а затым згортвайце налева і да ўпора ў сядзібу. Кропка з адзнакай на мапе:
Недалёка ад гэтых мясцін можна наведаць горад Высокае, дзе ёсць адразу некалькі цікавостак: руіны замка Сапегаў, Траецкі касцёл і былая сядзіба Патоцкіх.