Прыкладна за 20 кіламетраў ад пасёлка Бешанковічы ёсць мястэчка Бачэйкава (Бачэйкаў), якое будзе цікава наведаць, каб убачыць рэшткі спадчыны роду Цеханавецкіх. Акрамя некалькіх гаспадарчых будынкаў, флігеля і памятнага знака можна адшукаць тое самае месца, дзе раней стаяў сапраўдны палац з шыкоўным паркам.


Што таксама цікава, захаваліся кінакадры з выявамі гэтай сядзібай. Бачэйкава было здымачнай пляцоўкай для фільма “Джэнтльмен і певень” (“Пеўні пераклікаюцца”) 1928 года. Дзякуючы ім можна больш падрабязна разгледзець страчаны палац і тэрыторыю гэтага комплексу.


Даволі добра вядома гісторыя Бачэйкава, дзякуючы шырокай манаграфіі Уладзіслава Цеханавецкага. Так першыя звесткі пра мястэчка адносяцца яшчэ да 15 стагоддзя, калі гэтыя землі належала Юшку Міхаловічу Друцкаму-Падбярэскаму-Пструцкаму, таксама вядомаму як Ямантовіч-Падбярэскі. Пасля яго смерці (памёр ён у 1464 годзе), Бачэйкава перайшло да апошняга паўнапраўнага кіраўніка «Мсціслаўскага княства» – Міхала Іванавіча Мсціслаўскага-Заслаўскага.

Уладанняў у яго было сапраўды шмат і да таго ж дадалося яшчэ больш з часам – багаты пасаг ад ягонай жонкі Юльяны. Аднак пасля разводу гэтай пары ўсе землі разышліся па блізкіх і далёкіх сваяках, менавіта так Бачэйкава і аказалася ў Цеханавецкіх. Што дзіўна, гэты род заставаўся ўладальнікам маёнтка ажно з пачатку 16 стагоддзя і да падпісання Рыжскай дамовы.

За наступныя 400 гадоў Цеханавецкія шмат разоў перабудоўвалі свой фамільны палац, які ў прамым сэнсе прайшоў праз некалькі войнаў, бедстваў, пажараў і апусташэнняў. Захаваліся пісьмовыя ўспаміны пра тое, як выглядаў фамільны дом узору другой паловы 17 стагоддзя. Так вялікая сядзіба стаяла на правым беразе ракі, складалася з дзевяці пакояў і дамавой капліцы, якая выступала ў густы сад. Па тых часах убранне было дужа багатым і шыкоўным.

Побач з жылым домам Цеханавецкіх знаходзіўся флігель крыху меншага памеру, прызначаўся ён для гасцей. За флігелям пачыналася вялікая кухня і дзве стайні на сотню коней. Аднак апісаная сядзіба згарэла яшчэ ў 1708 годзе, а на яе месцы пасля адбудавана новая – больш сціплая. Вакол дома быў разбіты пейзажны парк, зноў пабудаваны стайні, адрамантаваны гасцявы флігель.

Сціпласць новага маёнтка ў Бачэйкаве таго перыяду тлумачыцца тым, што Цеханавецкія асноўны час праводзілі ў іншым сваім маёнтку – Опса. Цагляны палац, які можна ўбачыць на старых здымках, будаваўся пры Юзэфе Цеханавецкам. Ёсць нават цікавая гісторыя, што Юзэф задумаў гэтае пашырэнне палаца з мэтай запрасіць Станіслава Аўгуста Панятоўскага на паляванне. Ці прыехаў апошні кароль Рэчы Паспалітай ці не, – дакладна так засталося і невядома.


Ужо ў 1770 годзе, апроч самога палаца, жылых і гаспадарчых пабудоў, у Бачэйкаве размяшчаліся і шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку буйная суконная фабрыка, зброевая, карэтная, мэблевая фабрыка, ганчарны і спіртзавод. Каб забяспечыць сябе якаснымі супрацоўнікамі, мясцовых Цеханавецкія адпраўляў вучыцца ажно ў Парыж і Лондан.

А вось апісанняў сядзібы таго перыяду на жаль захавалася няшмат. Згадваецца, што яе праектам займаўся малавядомы італьянскі архітэктар, які, пры будаўніцтве палаца забыўся пра зімовыя маразы і не пабудаваў ніводнай печы. Камінамі ён абсталяваў толькі чатыры пакоі. Так што ўсё гэта прыйшлося зрабіць пазней.

За часам Станіслава Цеханавецкага ў палацы ў Бачэйкава, 11 ліпеня 1812 года ночыў сам Напалеон Банапарт. Ёсць успаміны, што французскага імператара сустрэла поўная цішыня і пустэча, бо большая частка ўладальнікаў маёнтка сышла, а ўсе астатнія жыхары схаваліся ў лясах. У сядзібе засталіся толькі кіраўнік маёнткам – Лапіцкі, дварэцкі і адзін з яго маладых памочнікаў, прыпісаны да канцылярыі. Гэта настолькі здзівіла Напалеона, што ён адразу выказаў Лапіцкаму сваю незадаволенасць.

Другая палова 19 стагоддзя для Бачэйкава было перыядам росквіту культуры, сюды часта прыязджалі паважаныя госці і знакамітыя дзеячы. Цеханавецкія надавалі ўвагу індустрыялізацыі і таму вытворчая частка не саступала ў развіццю культурнай.

Палац які быў пабудаваны Юзэфам Цеханавецкім, уяўляў сабой па сутнасці аднапавярховы будынак з высокімі падваламі (сутарэннямі) і выцягнутым прамавугольным планам. Парадны ўваход выглядаў параўнальна з былым домам сціпла, нагадваючы многія іншыя класічныя сядзібы таго часу. Фасад вылучаўся неглыбокім порцікам на галоўнай восі з дзвюма тасканскімі калонамі квадратнага перасеку і двума цэнтральнымі – з круглым перасекам, падзелены па вертыкалі пілястрамі, працяты вялікімі прастакутнымі аконнымі праёмамі, быў запар пакрыты рустам.

А вось заходні бок сядзібы наадварот выглядаў больш маляўніча і цікавей. Паколькі палац быў пабудаваны на схіле, з гэтага боку ён быў вышэйшы, з жылым першым паверхам і квадратнымі вокнамі. Галоўны акцэнт паркавага боку – трохвосевы, паўкруглы эркер ад якога ішлі складаныя ўсходы ў сад.

Напачатку 20 стагоддзя, Цеханавецкія прымаюць рашэнне перабудаваць сваю фамільную рэзідэнцыю. Так з’явіўся паверх мансарды і балкон з галоўнага ўезду – менавіта такое аблічча мы бачым у фільме “Джэнтэльмен і певень”.

Дзякуючы запісам Уладзіслава Цеханавецкага з усімі інвентарызацыйнымі вопісамі, ёсць падрабязныя апісанні ўнутранага ўбрання, карцін, прадметаў інтэр’ера ў доме. На жаль, зараз усё гэта толькі спісы на паперы, большасць каштоўнасцяў было вывезена ў Маскву яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны, а тое што заставалася – знішчылі, або выкралі.


Апошнім уладальнікам маёнтка быў – Ежы Станіслаў Цеханавецкі, затым землі нацыяналізаваны. Лёс сядзібы ў Бачэйкаве сумны – ад дома не захавалася анічога, ніжэй фота таго месца дзе стаяў гэты шыкоўны палац.

Да вайны будынак сядзібы выкарыстоўвалі пад розныя адміністрацыйныя патрэбы, а ў пасляваенныя гады часткова разбураны дом разбіралі мясцовыя жыхары на цэглу. У выніку ад маёнтка захаваўся “паляўнічы” флігель, дом для працоўных і некалькі гаспадарчых пабудоў.

Ёсць цікавы факт: у Бачэйкава ў 90-ыя прыязджаў адзін з прадстаўнікоў гэтага роду – Анджэй Цеханавецкі.

Ніжэй кропка з размяшчэннем паляўнічага флігеля ў Бачэйкаве на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях рэкамендую з’ездзіць яшчэ да адной незвычайнай сядзібы ў вёсцы Полымя (Пламя).








