Моладава – гэта невялікі аграгарадок у Брэсцкай вобласці, у якім з цікавостак варта вылучыць старадаўнюю Спаса-Узнясенскую царкву і капліцу ў форме ратонды, якую збудавалі пры сядзібе Скірмунтаў. Гістарычных аб’ектаў у Моладаве магло б быць і крыху паболей, але лёс склаўся як склаўся.


Яшчэ ў першай палове 20 стагоддзя ў Моладава стаяў прыгожы палац з файнай афіцынай і ландшафтным паркам, але да нашага часу комплекс не захаваўся. Яго можна пабачыць толькі на старых фатаграфіях і малюнках.


Само мястэчка Моладава досыць старое і вядома ажно з 15 стагоддзя. За сваю гісторыю вёска была ўласнасцю роду Грычынаў, Войнаў, Агінскіх і канешне Скірмантаў з прозвішчам якіх і будзе асацыявацца.


Першым са Скірмантаў у Моладаве быў Сымон Ігнаціевіч, менавіта ён распачаў будаўніцтва новага палаца ў 1795 годзе. Ёсць некаторыя супярэчныя факты. Так мяркуецца, што Скірмунты не толькі ўзвялі аднапавярховую сядзібу ў стылі класіцызм, а таксама і перабудавалі стары палац Агінскіх – ён стаў афіцынай.

Наступным уладаром Моладаўскага маёнтка стаў Аляксандр Скірмунт, адзіны сын Сымона Ігнаціевіча. Пры ім Моладава стала сапраўднай кропкай прыцягненне палескай інтэлігенцыі і так бы мовіць грамадскім цэнтрам дзейнасці. Да таго ж, Аляксандр Скірмунт пабраўся шлюбам з Канстанцыяй Сулістроўскай, ад якой быў багаты пасаж – сядзіба Шэметава.

Скірмунты ў Моладаве стварылі ўзорную гаспадарку. Тутака быў і цукровы завод, півоварня, вінакурня, шмат розных гаспадарчых будынкаў. Вырошчвалі кароў дзіўнай сімментальскай пароды, свіней ёркшыраў і авечак-негрэці.


Палац Скірмантаў будаваўся па праекце нейкага Ван-Гроссаю Будынак выглядаў вельмі цікава і безумоўна сучасна, калі глядзець па таму часу. Налічваў 24 пакоі з багатымі інтэр’ерамі і шыкоўным убранствам.

З усяго сядзібнага комплексу ацалела толькі капліца, якая стаяла побач з палацам. Яе пабудавалі ў 1908 годзе па праекце вядомага архітэктара – Тадэвуша Раствораўскага.


Гэтая капліца-пахавальня ўяўляе сабой купальны храм-ратонду з 2 порцікамі дарыйскага ордэна. Багата ўпрыгожана ляпнінай і дэкаратыўнымі элементамі. Па архітэктуры – будынак эклектычны, але ў некаторых крыніцах ягоны стыль пазначаецца як неакласіцызм.


Лёс апошніх уладароў маёнтка Моладава склаўся трагічна. Мясцовыя “актывісты” у верасні 1939 года расстралялі Генрыха Скірмунта і ягоную сястру Марыю наўпрост у сядзібным парку. Сам палац разрабавалі, а падчас вайны разбурылі і разабралі на цэглу. У 60-ыя гады капліцу Скірмунтаў апаганілі, а ўсе пахаванні спалілі. Пасля гэтага пабудова доўгія гады стаяла занядбанаю. У 2017 годзе пачаліся спробы аднавіць спадчыну Скірмунтаў, увесь будынак абставілі будаўнічымі ўсходамі. Праўда, з-за адсутнасці фінансавання працэс зацягнуўся і ў нейкі момант нават спыніўся. Але па выніку энтузіясты здолелі завершыць дах капліцы, а гэта вялікая справа, якая дапаможа зберагчы каплічку.


Знайсці капліцу Скірмунтаў не складана – з’язджайце з трасы H213 на вуліцу Палявая (арыенцір Узнясенская царква). За лясным пагоркам убачыце масіўную ратонду Скірмунтаў.
Што яшчэ паглядзець у гэтым краі? Зазірніце ў Іванава, там знаходзіцца адзіны ва ўсёй Еўропе помнік вандроўніку і кампазітару – Напалеону Орду.








