Магчыма вы ўжо ведалі пра адзіную пячору ў Беларусі, у якой можа нават змясціцца чалавек (Віцебская вобласць, вёска Сахнавічы). А ці ведалі, што падобны прыродны аб’ект ёсць і ў Дзятлаўскім раёне, побач з вёскай Харашкі? Да 2013 года гэты масіўны ледавіковы кангламерат уяўляў сабой двух узроўневую пячору (!), але на жаль, вялікая ягоная частка абвалілася.
Нягледзячы на гэты абвал, пясчанік у вёскі Харашкі застаецца ўнікальным аб’ектам, які дакладна варты вашай увагі. Узрост гэтага ледніковага кангламерату складае прыблізна 15 000 гадоў, а магчыма і таго больш.
Пад гэтым ледніком захавалася і невялічкая карставая пячора, чалавек тут зразумела не змесціцца, але выглядае яна даволі цікава. Магчыма нехта пасмяецца ад слова “пячора”, але для раўніннага рэльефу Беларусі – гэта нетыповая з’ява.
Каб патрапіць да гэтага ледавіковага кангламерата будзе трэба падымацца да рэзкай гары на вышыню 80-100 метраў. Зверху адкрываецца шыкоўны краявід на бязмежныя палі.
Гуляючы вакол гэтай прыроднай цікавостскі можна заўважыць вялізарныя валуны, якія хутчэй за ўсё таксама частка ледніка. Непрыемна здзівіла што мясцовыя звозяць сюды смецце і скідваюць наўпрост каля такога незвычайнага месца.
Раней гэтыя землі мелі назву “Харашоўчыцы“. Сама пячора знаходзіцца ля трасы Р108, недалёка ад вёскі Моўчадзь, ніжэй кропка на мапе:
За некалькі кіламетраў можна таксама паглядзець прыгожы неабарачны касцёл у пасёлку Дварэц.