Кобрын – гэта буйны горад Брэсцкай вобласці, які размяшчаецца на рацэ Мухавец, дзесьці на адлегласці 50 кіламетраў ад Брэста. Ёсць у горадзе і даволі шмат славутасцяў: тры драўляныя царквы, манастыр, былая сінагога, файная радавая забудова, а таксама касцёл. Так кобрынскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, датуецца 1843 годам, збудаваны на месцы драўлянага храма-папярэдніка, які ўзводзіўся яшчэ за часам Жыгімонта Старога (пачатак 16 стагоддзя).


Гэты храм трохнефавы, па памерах прыкладна 35 на 19 метраў, мае дзве двух’ярусныя вежы. Бакавыя арачныя вокны ўпрыгожаны пілястрамі, асобнай увагі варнтыя драўляныя скульптуры ў нішах.


Касцёл у Кобрыне – помнік архітэктуры стылю класіцызм. Калі глядзець на стары малюнак Напалеона Орды, можна заўважыць, што будынак амаль не змяніўся з часам.


Цікавы факт: лічыцца, што касцёл заставаўся дзейным нават за часам Другой сусветнай вайны і нават не быў зачынены. Для беларускіх храмаў – рэдкасць. Аднак нягледзячы на гэта, савецкая ўлада скасавалі прыход у 1962 годзе, а будынак прыстасавалі пад склад мэблі.


Кобрынскі храм вярнулі вернікам у 1990 годзе, тады ж пачалася рэканструкцыя на сродкі вернікаў.


На тэрыторыі касцёла захавалася могілкі польскіх жаўнераў 1920 года, дарэчы яшчэ адно падобнае пахаванне ёсць каля Петрапаўлаўскай царквы.


Кантакты і карысная інфармацыя:
Набажэнства Святая Імша адбываецца па нядзелях а 9.00 і а 11.00, па буднях а 18.00, у суботу а 10.00. Тэлефон для сувязі: + 375 164 22 15 38+ 375292019161 + 375164221538. Касцёл знаходзіцца на вуліцы Першамайская 80, трэба прайсці крыху далей ад будынка былой сінагогі, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Недалёка ад Кобрына можна паглядзець цікавае мястэчка Шарашова.








