У вёсцы Воўпа захаваўся шыкоўны драўляны касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Само будаўніцтва вялося з 1753 года на грошы Юзафа Касакоўскага і стараннямі біскупа Яна Непамука. Вонкава касцёл у Воўпе даволі просты і без асаблівых дэкаратыўных вынаходстваў.


Касцёл – помнік архітэктуры драўлянага народнага дойлідства. Галоўны фасад вылучаецца высокімі двухузроўневымі вежам і рызалітам з класічным трохкутным франтонам. Храм быў урачыста асвечаны 10 сакавіка, 1773 года.


Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (у некаторых крыніцах сустракаецца назва – Святога Іаана Прадцечы) аднанефавы, па форме прастакутны, безапсідны. Па абодва бакі будынка прымыкаюць пяцігранныя сакрыстыі.


Дах храма двухсхільны, ламаны.

Касцельная тэрыторыя сціплая, з тыльнага боку падыходзяць мясцовыя могілкі, дзе захавалася невялічкая Петрапаўлаўская царква, а таксама капліца-пахавальня Крэтавічаў.

Даволі цікавы факт: храм па ўсёй бачнасці за сваю доўгую гісторыю не закрываўся і не разбураўся, што на тэрыторыі Беларусі здаралася даволі рэдка.

Справа ад уваходу ў касцёл у 1858 годзе пабудавана званіца, яе ніжні ярус выкананы з бутавага каменя, а верхні з дрэва.

Напрыканцы 19 стагоддзі Ваўпоўскі касцёл быў рэканструяваны. Унікальнасць храма ў яго незвычайным разным алтары, які падарыў парафіі сам Казімір Леў Сапега. Гэты алтар знаходзіўся яшчэ ў старым касцёле, які стаяў на гэтым жа месцы.

Храм дзейны і адкрыты для ўсіх жадаючых. Калі атрымаецца – паспрабуйце зайсці ўнутр, каб паглядзець на алтар.

Знайсці гэтую цікавостку будзе нескладана, касцёл знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы аграгарада Воўпа, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях тое варта наведаць руіны сядзібы Звяровічаў “Нямейкі”.





