Вёска Мілюнцы, Браслаўскага раёна, цікава сваёй галоўнай славутасцю – неагатычным касцёлам Святога Апостала Якава (Якуба). Храм будаваўся напачатку 20 стагоддзя, на месцы драўлянага папярэдніка, працы скончылі ў 1907 годзе.

Мілюнцы ў некаторых крыніцах называюць Пеліканы і на гэта ёсць некалькі прычын. Асноўная ў тым, што тут знаходзіўся аднайменны фальварак (сядзіба не захавалася). Таксама вёска стаіць каля возера “Пеліканы”. На старых мапах сустракаюцца абедзве назвы, магчыма раней гэта былі дзве асобныя вёскі.

Касцёл даволі строгі, фасад пуставаты і вылучаецца толькі невялічкім круглым акенцам, над якім дэкаратыўнае афармленне.

Вежы трох’ярусныя, падзелены карнізамі і ўпрыгожаны выцягнутымі арачнымі вокнамі. Уваход, для падобнага храма, можна назваць сціплым, ёе вылачаецца даволі простым вімпергам.

Пасля Другой сусветнай вайны касцёл у Мілюнцах зачынілі. Будынак выкарыстоўвалі пад розныя сельскагаспадарчыя патрэбы. Напачатку 90-ых, храм павярнулі вернікам, а пасля рэстаўрацыі адчынілі ў 1994 годзе.

На падобных храмах можна ўбачыць знак з гербам Польшчы і надпісам “znak wysokosci”.

Гэта пазнака не з’яўляецца закладной ці гарантам якасці, а мае пэўную функцыю – геадэзічны рэпер (пазнака для вызначэння вышыні).

Такі знак ёсць і на гэтым касцёле. Сама вёска Мілюнцы знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад аграгарадка Опса, па дарозе H2106. Ніжэй кропка з гэтай цікавосткай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю таксама заехаць у Дрысвяты, дзе можна ўбачыць тэхналагічны помнік – ГЭС “Дружба народаў”.








