Опса – гэта даволі цікавы аграгарадок Браслаўскага раёна, у якім захаваўся неагатычны касцёл другой паловы 19 стагоддзі. У той перыяд гэтыя землі належалі роду Плятэраў (сядзібны дом стаіць крыху бліжэй да возера), якія і праспансіравалі будаўніцтва гэтага храма на месцы згарэлага папярэдніка.
Касцёл Святога Яна (Іаана) Хрысціцеля скончылі ў 1887 годзе. Ён выкананы з чырвонай цэглы, аднавежавы і аднанефны, з бакоў прымыкаюць невысокія сакрысціі, а завяршаецца аб’ём ніжэйшай апсідай.
Усе сцены храма прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі над якімі цікавы карніз. Галоўны ўваход дадаткова ўпрыгожаны акном-ружай і сціплым вімпергам. Ёсць і архітэктурная асаблівасць – бакавыя ўваходы аналагічныя цэнтральнаму і па памерах, і па дэкаратыўным аздабленні.
Вакол касцёла разбіта масіўная агароджа на высокім падмурку з бутавага каменя. Будавалася хутчэй за ўсё адначасова з храмам.
У 1928 годзе здарыўся моцны пажар, у выніку якога прагарэў дах і вежа.

За савецкім часам касцёл закрылі, доўгі час у ягоных сценах месціўся склад. У 90-ых будынак павярнулі вернікам, тады якраз і пачаліся аднаўленчыя работы. Сёння гэты каталіцкі храм адкрыты для ўсіх жадаючых.
Гэтая славутасць мястэчка Опса знаходзіцца ў самым цэнтры аграгарадка, побач з трасай Р27, якая злучае Відзы і Браслаў. Ніжэй адзнака на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, то раю таксама паглядзець драўляны храм у вёсцы Далёкія і касцёл у Мілюнцах.