Шчучын невялікі, але прыгожы горад, у якім ёсць некалькі вартых увагі славутасцяў. Першая – Шчучынскі палац, пра які можна прачытаць у асобным артыкуле, а другая – касцёл Cвятай Тэрэзы з кляштаром піяраў.
Гісторыя каталіцкай парафіі Шчучына пачынаецца яшчэ ў 15 стагоддзі, ужо тады ў мястэчку быў касцёл. Аднак той храм, які можна ўбачыць сёння, будавалі значна пазней і ўжо пры кляштары піяраў, які, дарэчы, існаваў тут з 1718 года.
Касцёл збудавалі ў перыяд з 1826 па 1829 гады, работы вяліся на грошы Францішка-Ксаверыя з роду Друцкіх-Любецкіх.
Амаль адразу пасля завяршэння будаўніцтва пачалося нацыянальнае паўстанне 30-ых гадоў, у выніку якога кляштар піяраў і касцёл у Шчучыне былі зачыненыя. На жаль падобны лёс чакаў многія каталіцкія храмы.
Пасля ліквідацыі кляштару, касцёлу была адведзена роля парафіяльнага храма.
З 1927 года ордэн піяраў быў адноўлены і функцыянаваў аж да 1954 года. За савецкім перыядам храм у Шчучыне закрылі, будынак вярнулі каталікам толькі ў 1989 гадах.
Касцёл і кляштар піяраў дзейнічаюць і адкрыты для ахвочых. Сам будынак кляштара адрэстаўравалі ў 2009 годзе, разам з касцёлам Святой Тэрэзы яны ўтвараюць адзіны ансамбль.
Асноўнае адрозненне манахаў-піяраў, ад традыцыйных каталіцкіх манахаў – абяцанне аб клопаце і выхаванне дзяцей і моладзі. Цікава, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ордэн лічыўся нешматлікім і акрамя Шчучына іх кляштары былі толькі ў Лідзе ды Полацку.
Шчучынскі касцёл выкананы ў стылі класіцызм, парадны ўваход вылучаны чатырохкалонным порцікам з невялічкім квадратным акном над дзвярыма.
Касцёл удала размешчаны ў самым цэнтры Шчучына па вуліцы Савецкая, 1. Праз дарогу ад яго, знаходзіцца праваслаўны храм Святога Міхаіла Арханёла.
Недалёка ад Шчучына знаходзіцца легендарная сядзіба Жалудок, а таксама незвычайны касцёл у пасёлку Ражанка. Глядзіце і іншыя цікавосткі Беларусі на мапе.