Валожын для большасці звычайных турыстаў не з’яўляецца вельмі цікавым, але гэта дарма, тут хапае годных славутасцяў. Так напрыклад у самым цэнтры, на вуліцы Савецкай, размясціўся касцёл Святога Іосіфа.


Гісторыя касцёла ў Валожыне
Яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя, на месцы сучаснага храма, быў пабудаваны драўляны касцёл пры кляштары бернардзінцаў. Аднак моцны пажар разбурыў тую пабудову амаль цалкам і доўгі час узвядзенне новага храма адкладалася.

Будаўнічыя работы пачаліся толькі ў першай палове 19 стагоддзі, а першы камень закладзены 10 сакавіка, 1806 года, дзякуючы графу Юзафу Тышкевічу. Але па праўдзе, сам граф так і не паспеў убачыць урачыстае асвячэнне касцёла, будаўніцтва скончвалі ўжо пры яго сыне Міхале. Ёсць здагадка, што архітэктарам гэтага храма з’яўляецца Аўгуст Касакоўскі, які цесна супрацоўнічаў з Тышкевічамі і працаваў над іх палацам у Валожыне. Дарэчы па праекце Касакоўскага пабудаваны і даволі падобны касцёл у Астраўце.

Побач з касцёлам у 1830 годзе ўзведзена брама-званіца. Як і сам касцёл, брама выканана часткова з бутавага каменя (ніжні ўзровень) і цэглы. Архітэктура ўсяго комплексу – гэта яркі прыклад стылю класіцызм.

У Валожынскім касцёле, пад хорамі, знаходзілася фамільная пахавальня роду Тышкевічаў. Тут жа пахаваны і фундатар храма – граф Юзаф Тышкевіч.

У другой палове 19 стагоддзя каталіцкая парафія і кляштар бернардзінцаў былі скасаваныя, а касцёл пераўтвораны ў праваслаўную царкву Святога праведнага Язэпа. Значных перабудоў будынка ў той перыяд не рабілі.

Ізноў пераасвяцілі храм у каталіцкі толькі ў 1919 годзе.

Як і многія цікавосткі Беларусі ў цэлым, у гады Другой сусветнай вайны касцёл у Валожыне моцна пацярпеў і патрабаваў значнага рамонту. За савецкім часам у храме размяшчаліся і памяшканні склада, і цэх вытворчасці жалезабетону, а нейкі час касцёл проста пуставаў.

Валожынскі касцёл сёння
У 1991 годзе было прынята рашэнне аб аднаўленні і рэканструкцыі касцёла Святога Іосіфа. З таго часу і дагэтуль дзверы храма адчынены для каталікоў і турыстаў.

Сучаснае аблічча храма ў Валожыне прыемна радуе сваёй архітэктурай і дагледжанай тэрыторыяй. Галоўны фасад гэтага класічнага збудавання вянчае порцік дарыйскага ордэра на 6 калонах. У кожнай нішы гэтага порціка па задумцы павінны знаходзіцца скульптуры евангелістаў. Інтэр’ер касцёла ўключае некалькі алтароў і арган.

Знаходзіцца гэта славутасць Валожына ў самым цэнтры горада, ніжэй кропка на мапе:
Недалёка ад Валожына ёсць вёска Вішнева, дзе можна паглядзець шыкоўны касцёл, царкву і руіны сядзібы Адравонж.





