У гарадскім пасёлку Радашковічы, можна паглядзець цікавы помнік архітэктуры Беларусі – касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Храм пабудаваны ў 1859 годзе на месцы згарэлага драўлянага папярэдніка.

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую базіліку з дзвюма чатырох’яруснымі вежамі і завяршаецца апсідай з невялічкімі бакавымі сакрысціямі. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам, апсіда – больш нізкім.
Галоўны фасад храма вылучаны цэнтральным рызалітам і завершаны двухсхільным шчытом. Квадратныя чатырох’ярусныя вежы, якія выступаюць за асноўны аб’ём, маюць скразныя арачныя праёмы, круглыя люкарны і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі вокнамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках.
З радашковіцкім касцёлам звязаны цікавы факт: у гэтым храме, у 1882 годзе, хрысцілі Івана Луцэвіча, які ў будучыні стане адным з самых вядомых класікаў нашай літаратуры (больш вядомы пад псеўданімам Янка Купала).
Пасляваенны час адбіўся на лёсе гэтага храма негатыўна. У яго сценах размясцілі вытворчы цэх керамічнага прадпрыемства. Тэрыторыю вакол актыўна выкарыстоўвалі для прамысловай забудовы, у выніку, калі ў 1990 годзе касцёл вярнулі вернікам стан будынка быў даволі сумным.

Рэстаўрацыйныя работы вяліся доўгія 13 год, аж да 2003 года, пасля чаго касцёл паўторна асвяцілі. Аднак нягледзячы на тое, што храм адноўлены і з’яўляецца дзейным, паглядзець яго даволі праблематычна, як і зрабіць добрыя фатаграфіі.
Унутры касцёл падзелены масіўнымі слупамі, перакрыты скляпеннямі, сцены аздоблены пілястрамі і карнізамі. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная арнаментальная падлога. Перад касцёлам знаходзіцца брама з трыма арачнымі праходамі, аздобленая на галоўным фасадзе паўкалонамі і завершаная франтонам.
Касцёл знаходзіцца ў цэнтральнай частцы гарадскога пасёлку Радашковічы і добра бачны з трасы Р28. З вуліцы Савецкай з’язджайце на вуліцу Бурдзенюка, там зручней за ўсё паркавацца, ніжэй кропка з размяшчэннем цікавосткі на мапе:
Таксама раю заехаць у Заслаўе, дзе захавалася храм 16 стагоддзя (сёння царква) і шыкоўны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.