Недалёка ад горада Ашмяны ёсць вёсачка – Гудагай, не блытаць з аднайменным пасёлкам які месціцца крыху далей. Тутака можна паглядзець шыкоўны прыклад беларускага драўлянага дойлідства – касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі.


Гісторыя будаўніцтва храма звязана з манахамі ордэна кармелітаў, якіх у Гудагай запрасілі прадстаўнікі роду Войнаў, каб даглядаць галоўны артэфакт гэтых мясцін – Гудакайскі абраз Маці Божай. Дарэчы паходжанне абраза і час з’яўлення ў мястэчку – невядомы. Ёсць меркаванне, што абраз трапіў у Беларусь праз рускіх купцоў, пазней ён належаў уладарам Гудагая – Развадоўскім.

Кляштар манахаў-кармелітаў дзейнічаў да 1830 года, затым яго закрылі, а будынкі прадалі яўрэйскай абшчыне. Дзякуючы намаганням вернікаў, касцёл атрымалася выкупіць і захаваць.

Аднак службы ў ім аднавіліся толькі ў першай палове 20 стагоддзя. Дарэчы тады храм часткова перабудавалі, таксама на касцёльнай тэрыторыі з’явілася драўляная вежа-званіца.

Касцёл – помнік драўлянага дойлідства, з рысамі стылю барока. Па форме будынак прамавугольны зруб, які накрыты агульным дахам з пластычна выгнутымі вальмамі над пяціграннай апсідай. Уваходныя дзверы аформлены дэкаратыўнай укладкай шалёўкі складанага малюнка.


На тарцовай сцяне апсіды размяшчаеце невялічкая скульптура «Распяцце».


Побач з касцёлам ёсць парк са скульптурнымі кампазіцыямі, якія адсылаюць да розных біблейскіх матываў.


За будынкам Гудагайскага храма – старыя каталіцкія могілкі.

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Імша праходзіць у касцёле па наступнаму раскладу: У нядзелю і ўрачыстасці – 11.30 на беларускай мове, 13.00 на польскай. У панядзелак, сераду, пятніцу а 08.30 на польскай мове. У аўторак і чацвер а 08.30 па-беларуску. У суботу: 08.30 і 18.00 на беларускай мове. Час святых Імш можа змяняцца.
У гэтым краі будзе таксама цікава паглядзец касцёл Святога Андрэя Баболі ў мястэчку Градаўшчына.








