21 снежня 2023 года а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20, галерэя) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісных твораў народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі (1928–2014) “Палескі волат”, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння мастака. У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 60 жывапісных твораў мастака з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і сям’і майстра.

2023 год стаў юбілейным для народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі – выбітнага дзеяча беларускага выяўленчага мастацтва. Пачатак года азнаменаваўся адкрыццём у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтваў” экспазіцыі “Дынастыя”, дзе былі паказаны знакавыя работы Г. Х. Вашчанкі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, з калекцыі сям’і мастака, а таксама творы яго сына Канстанціна Вашчанкі і ўнучкі Ангеліны Вашчанка. У сакавіку ў Мастацкай галерэі Полацка (філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка- культурнага музея-запаведніка) адбыўся праект “КРЫЛЫ”, які складаўся з жывапісных і графічных работ Г. Х. Вашчанкі з калекцыі сям’і мастака. У дзень нараджэння майстра 20 чэрвеня была адкрыта маштабная выстава яго творчасці ў гомельскай Карціннай галерэі, якая носіць імя мастака.

Выставачны праект “Палескі волат” у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прыгожым завяршальным акордам юбілейнага года маэстра. Перад куратарамі праекта стаяла цікавая задача. Рабіць рэтраспектыўную выставу мастака адначасова і складана, і проста. Заўсёды ёсць верагоднасць адназначнасці і прамалінейнасці ў прачытанні тэмы… Аднак багацце і шматграннасць творчай спадчыны Гаўрыіла Вашчанкі дазваляе пазбегнуць такіх падводных камянёў. У праекце “Палескі волат” робіцца акцэнт на дэманстраванні яго жывапісных твораў з фондаў музея. Палессе для народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі – не проста ўвасабленне паняцця “малой радзімы”.

У кантэксце гэтага выставачнага праекта азначэнне “родны край” разглядаецца не толькі як месца, дзе прайшло дзяцінства чалавека. Тут Палессе гучыць магутным гімнам чалавеку і прыродзе. Гаўрыіл Вашчанка ў свой час адкрыў для беларускага выяўленчага мастацтва Палессе, месца, дзе захавалася аўтэнтыка, якая сыходзіць каранямі ў мінулыя стагоддзі. Яго эпічныя і адначасова пранізліва лірычныя пейзажы розных гадоў параўнальныя з манументальнымі роспісамі і габеленамі. У прадстаўленых карцінах вельмі ясна прачытваецца манера пісьма Гаўрыіла Вашчанкі, якая стала “візітнай карткай” мастака. Яго творчы почырк спалучае ў сабе традыцыі беларускага іканапісу і фрэскавага жывапісу з сучасным манументальным мастацтвам, заснавальнікам і першапраходцам якога, уласна, і з’яўляўся Гаўрыіл Вашчанка.

Гаўрыіл Вашчанка сапраўды быў волатам у выяўленчым мастацтве. Ён думаў маштабна, жыў маштабна, адчуваў пульсуючы нерв самога быцця… Лепшыя яго творы (няхай гэта будзе сюжэтна-тэматычная карціна ці партрэт, пейзаж або нацюрморт) увасобілі цэлую эпоху з яе пошукамі ідэалаў і балючымі расчараваннямі, складанымі грамадскімі зменамі і чалавечымі трагедыямі. Звяртаючыся да актуальных тэм свайго часу і таго, што асабіста яго хвалявала (трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльская катастрофа, міфалагічная і хрысціянская тэматыка і інш.), Гаўрыіл Вашчанка пазбягаў іх прамалінейнага прачытання, штучных сцэн, залішняй апавядальнасці. Майстар заўсёды ўвасабляў гэта праз іншасказальныя, алегарычныя, умоўна-міфалагічныя вобразы, у аснову якіх пакладзены філасофскі сэнс, аналітычнае ўспрыманне рэчаіснасці, стварэнне абагульненай і сімвалічнай карціны. “Прызнанне дае толькі адну перавагу: яно забараняе працаваць горш, чым можаш. І наадварот: змушае працаваць лепш, чым можаш”, – так казаў маэстра… і кожны раз даказваў гэта свету, але найперш сабе…

Работа выставы працягнецца да 4 лютага 2024 года.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Введите ваш комментарий
Ваше имя