Дунілавічы – гэта аграгарадок Пастаўскага раёна, Віцебскай вобласці, знаходзіцца на трасе Р110, паміж гарадамі Глыбокае і Паставы. Само мястэчка згадваецца ў летапісу яшчэ ў сярэдзіне 15 стагоддзі і за сваю гісторыю мела безліч вядомых уладароў. Сярод якіх: Гальшанскія, Радзівілы, Долмат-Ісайкоўскія і многія іншыя. Галоўная цікавостка у Дунілавічах – шыкоўны Траецкі касцёл, пра які будзе падрабязней у гэтым артыкуле.

Гісторыя храма цесна звязана з ордэнам дамініканцаў, менавіта пры кляштары якіх і пачалося будаўніцтва касцёла.


Дамініканскі кляштар у Дунілавічах быў заснаваны пры падтрымцы тагачасных уладальнікаў гэтых земляў Эльжбеты і Крыштафа Белазораў. Будаваць каменны храм пачалі ў 1769 годзе і скончылі даволі хутка – праз 4 гады.

Дунілавіцкі касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры барока з рысамі стылю класіцызма.

Асобна варта адзначыць вежы, якія завяршаюцца паўсферычнымі купаламі. Для касцёлаў такое рашэнне досыць рэдкае.


У сярэдзіне 19 стагоддзя, з 1843 года, Дунілавічамі валодалі Тышкевічы. Іх маёнтак да нашых дзён не захаваўся, але на ўскрайку вёскі можна адшукаць руіны флігеляў і лядоўні. Пасля паўстання 1860 года касцёл Найсвяцейшай Тройцы адышоў праваслаўнай царкве, а кляштар дамініканскага ордэна ліквідаваны. За тым перыядам храм быў часткова перароблены, – з’явіліся цыбульныя купалы, а для каталікоў наўзамен была пабудавана невялічкая драўляная каплічка (не захавалася).



Вакол касцёла ёсць невысокая агароджа і цагляная брама з каванымі варотамі, як мяркуецца, пабудаваныя яны ў 1887 годзе.


Над уваходам у касцёл ёсць вось такая даволі незвычайная ляпная кампазіцыя па біблейскіх матывах. Яшчэ адна адметная асаблівасць касцёла – двух’ярусны алтар.

У 1927 годзе, калі Дунілавічы былі ў складзе Польскай Рэспублікі, будынак храма павернулі каталікам. За ваенным часам, тэрыторыя Дунілавічаў была акупаваная, касцёл не дзейнічаў і быў доўгі час зачынены.

За савецкі перыяд храм стаяў напаўзакінутым аж да пачатку 90-ых, калі пачалася доўгая і складаная рэканструкцыя. Сёння касцёл у Дунілавічах адкрыты для ўсіх ахвочых. Ніжэй кропка з адзнакай гэтага аб’екта на мапе:
Недалёка ад Дунілавічаў можна паглядзець касцёл Святога Тадэвуша ў вёсцы Лучай.





