Акрамя класічных славутасцяў у Беларусі хапае цікавых прыродных аб’ектаў і мясцін. Напрыклад у вёсцы Карпілаўка, Лагойскага раёна, можна ўбачыць 600-гадовы дуб (так кажуць). І дарэчы гэта не проста дрэва, а цэлы “літаратурны герой”! Справа ў тым, што ў Карпілаўцы доўгія гады жыў Антон Іванавіч Лявіцкі, вядомы пад літаратурным псеўданімам Ядвігін Ш. Адно з ягоных апавяданняў “Дуб-дзядуля”, як раз апісвае старадаўні дуб, які і можна паглядзець сёння.
Гэтая дрэва цікава не толькі сваімі памерамі, але і энергетыкай. Як невялікае пацвярджэнне – сюды ўжо пратаптана народная сцежка.
На галінках людзі пакідаюць каляровыя і нацыянальныя стужачкі, а таксама часта выконваюць рытуал – імкнуцца абняць векавы дуб. Па легендзе, той ці тая ў каго атрымаецца абняць дрэва, абавязкова здзейсніцца запаветнае жаданне.
А вось сама сядзіба роду Лявіцкіх не захавалася ў Карпілаўцы. На тым месцы дзе стаяў дом усталявалі памятны камень.
На жаль, старажытнае дрэва некалькі гадоў таму моцна пацярпела. Адмыслова ці па дурасці, хтосьці расклаў вогнішча наўпрост ў самога ствала.
Побач з Дубам-дзядулем стаіць ДАК пад стратэгічным нумарам 193, які ўваходзіў у лінію Мінскага ўмацаванага раёна. Ён зможа паслужыць для вас арыенцірам, ад яго да дрэва літаральна метраў сто.
Вёска Карпілаўка знаходзіцца побач з трасай Р58, паварот на дарогу H8784, ніжэй адзнака на мапе:
Недалёка ад гэтых мясцін можна наведаць касцёл і былую сядзібу Бароўскіх у Лукаўцы.