Падчас падарожжа па Злучаных Штатах Амерыкі не раз дзівіўся на колькі тут змяняецца прырода ад штата да штата. І калі пра сонечную Каліфорнію з нацыянальным паркамі чулі ўсё, то пра штат Луізіяна ведаюць менш. Пра сталіцу і самы гуляючы горад – Новы Арлеан ужо расказываў, а вось пра алігатараў Луізіяны яшчэ не. Gator – ,як скарочана іх завуць у ЗША, неафіцыйны сімвал штата Луізіяна. У гэтых краях водзіцца велізарная колькасць алігатараў і нават ёсць спецыяльныя фермы. Таму нядзіўна, што прадпрымальныя амерыканцы зрабілі бізнэс на экскурсіях да алігатараў. Як гэта часта бывае, – у іх гэта атрымалася даволі файна. У гэтым матэрыяле раскажу колькі каштуюць такія паездкі, як і куды лепш ехаць каб паглядзець на алігатарў, а таксама што вас чакае.


Самі туры кшталту “паглядзець на алігатараў” правільна называюцца – Swamp tour. Варыянтаў зашмат, як з Новага Арлеана, так і з наваколля. Луізіяна славіцца сваімі балотамі, якія займаюць вялізныя тэрыторыі. Прырода гэтых месцаў вельмі разнастайная, ад водных шляхоў, пакрытых вадзянымі лілеямі, да змрочных дрэў, пакрытых іспанскім мохам. Балоты і рэкі Луізіяны – гэта адны з самых унікальных экасістэмных раёнаў у ЗША.

Кошты пачынаюцца ад 35$ з чалавека і даходзяць да 500$ за індывідуальныя экскурсіі. Які варыянт абраць, вырашаць толькі вам, прыроду пакажуць аднолькавую, а вось узровень абслугоўвання і дадатковыя опцыі будуць ашаламляльна адрознівацца.

Паглядзець варыянты тураў і забраніраваць онлайн лепш на Viator, памятайце, што мова экскурсій – англійская, тут без варыянтаў.

Адно з самых папулярных месцаў для такіх паездак – Big Branch Marsh National Wildlife. І вядома ў гэтых месцах водзяцца не толькі алігатары, але і іншая жыўнасць.

Туры праходзяць на невялікіх катэрах з дасведчанымі гідамі.

Перад паездкай была боязь, што алігатараў не ўбачым, або ўбачым зусім здалёк. Усе трывогі развеяліся літаральна адразу.

У чым розніца паміж кракадзілам і алігатарам
Дарэчы, а вы ведалі у чым розніца паміж кракадзілам і алігатарам? Алігатары насяляюць толькі паўднёва-ўсходнюю частку ЗША (гэта як раз Луізіяна і Фларыда) і трохі Азію (Кітай). Кракадзілы займаюць Афрыку, Паўднёвую Амерыку і Аўстралію.

Другое адрозненне – гэта зоны пасялення. Кракадзілы лепш пачуваюцца ў салёнай ці саланаватай вадзе, а алігатары ў прэснай. Таксама адрозніваюцца знешне. У алігатараў морда тупая, U-вобразная , а ў кракадзілаў V-вобразная, вострая.


Рака Пірл (Pearl River) – асноўнае месца куды адпраўляюцца з экскурсіямі. Само месца дзіўна-кіношнае, з асаблівай атмасферай. Тур у 2 гадзіны пралятае цалкам незаўважна (у добрым сэнсе).

Праплываючы каля берага позірк чапляе не толькі алігатараў Луізіяны.


Калі бачыш такую разнастайнасць небяспечных змеяў і павукоў, мімаволі пытаешся – а як тут жывуць людзі? А яны жывуць проста на беразе ракі і не турбуюцца.

Арганізатары Swamp tour дадалі яшчэ адзін цікавы крок у сваёй экскурсіі. У пэўны момант лодка заплывае ў невялікую бухту, а там сустракаюць турыстаў сустракаюць дзікі.


Звяры па ўсёй бачнасці зразумелі, што ад турыстаў можна атрымаць розныя прысмакі, а гіды дадалі такую забаўку, па выніку ўсё ў выйгрышы.


Адчуўшы лёгкую ежу, прыйшлі і яшчэ адны насельнікі балот і рэк. І не, не алігатары, (што даволі дзіўна) – яноты.

Калі на пытанне “Луізіяна чым заняцца цікавым” не знайшлі адказу, то вельмі рэкамендую адправіцца паглядзець алігатараў! Усе варыянты паездак тут.
Карысная інфармацыя для турыстаў
- Лепшы сезон для swamp tours – гэта вясна і восень, калі надвор’е умерана цёплае і жывёлы актыўныя. Лета можа быць вельмі гарачым, а восень – час, калі многія віды мігруюць.
- Рэкамендуецца насіць зручнае адзенне і абутак для водных прагулак (гумовыя боты), ахову ад сонца (крэм ад загару, капялюш), а таксама сродкі ад камароў.
- Некаторыя туры могуць быць даступныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аднак трэба загадзя ўдакладніць у арганізатараў.
- Важна абраць тур, які арганізаваны з павагай да прыроды, з мінімальным умяшаннем у экасістэму.







