Хутчэй за ўсё калі вы пачуеце што ў Беларусі ёсць свая пячора то ўспрыміце гэта як мінімум скептычна. Аб’ектыўна ў нас у краіне не той рэльеф, каб утварыліся глыбокія пячоры са сталактытамі. Аднак ёсць невялічкае выключэнне – гэта карставая пячора побач з возерам Гінькава ў вёсцы Сахнавічы. У народзе яна мае некалькі назваў: Цмокава і Гінькоўская (у гонар возера).
Пра гэтую пячору ходзяць розныя плёткі і цікавыя легенды аб схаваных скарбах. І як заўсёды, у розных крыніцах сустракаюцца розныя версіі. У адных скарб належаў шляхце, у другім варыянце – самому Напалеону Банапарту (ну як жа без яго), а ў трэціх – нямецкім афіцэрам, якія хавалі нарабаванае.
Акрамя легенд, у Гінькаўскай пячоры ёсць і цікавая гісторыя. Імаверна, што гэтая пячора ўтварылася ў выніку растварэння вадой горнай пароды (такія пячоры называюць карставымі).
Менавіта так і фармаваўся амаль увесь ландшафт Беларусі больш за 10 тысяч гадоў таму, падчас адступлення апошняга ледніка. Таму злёгку можна ўявіць як даўно ўтварылася гэтая пячора.
Уваход у пячору (ці дакладней нават лаз) зусім невялічкі і буйному чалавеку будзе даволі праблематычна туды пралезці. Унутры месца значна больш, можа змясціцца ўжо некалькі чалавек.
*Парада. Калі плануеце ехаць у гэтыя мясціны, то бярыце зменнае адзенне. Забрацца ў пячору і не выпацкацца амаль немагчыма. Не варта лезці ў пячору адразу ўсёй кампаніяй, лепш па адным – так і бяспечней, і прасцей будзе разгарнуцца.
Цмокава пячора – гэта таксама і займальны шлях, бо ад вёскі Сахнавічы вам трэба будзе прайсці амаль кіламетр уздоўж возера Гінькава па крутым схіле. Акрамя шыкоўных краявідаў, вас будзе чакаць і нядрэнная фізічная нагрузка. Таксама вясной і летам – змеі. Будзьце гатовыя да сапраўдных прыгод.
Дабрацца да пячоры прасцей за ўсё па наступным маршруце: 1. Пакідайце аўтамабіль каля трасы H4300 на ўездзе ў вёску. 2. Ідзіце пешшу да альтанкі, размешчанай побач з возерам Гінькава. 3. Ад альтанкі па сцяжынцы рухайцеся паралельна вадзе. Паднімацца на схіл вялікага сэнсу няма, тамака ісці яшчэ цяжэй. Пячора знаходзіцца на схіле, трэба ўважліва ўглядацца ў рэльеф мясцовасці, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Што яшчэ паглядзець у гэтым раёне? Побач ёсць аграгарадок Празарокі з масіўным касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Таксама мае сэнс наведаць цэнтр раёна, – горад Глыбокае.