Сабраў для вас 10 бровараў з усіх куточкаў Беларусі. У гэтых аб’ектаў часам падобны лёс і архітэктура, але ёсць і свае дробязі якія іх цалкам адрозніваюць. У гэтым спісе будзе: Вялікая Ліпа, Болькава, Цімкавічы, Бабоўня, Ніжняе Чэрніхава, Галаўцы, Засулле, Валодута, Ацячызна, Малыя Канвелішкі.
Бровар і спіртсховішча ў вёсцы Вялікая Ліпа
Былы маёнтак Абуховічаў ў мястэчку Вялікая Ліпа добра вядомы аматарам вандровак па Беларусі. У гэтых мясцінах захавалася унікальная брама-стайня, дзе можна паглядзець на шыкоўныя картушы рыцараў. Таксама ў Вялікай Ліпе ёсць некалькі гаспадарчых пабудоў першай паловы 20 стагоддзя. Сярод якіх вылучаецца цагляны бровар і спіртсховішча.
Бровар будаваўся ў перыяд, калі Вялікая Ліпа ўваходзіла ў склад міжваеннай Польшчы. За савецкім часам будынкі выкарыстоўваліся для сельскагаспадарчых патрэб, таму побач былі дабудаваны збожжасховішча, якое чымсьці нагадвае дэкарацыі да фільмаў жахаў.
Сёння гэтыя пабудовы выглядаюць даволі занядбанымі і выкарыстоўваюцца як склад для інвентара мясцовым прадпрыемствам.
Былы спіртзавод у Болькава
Болькава – гэта невялічкая вёска, амаль на самым беразе возера Свір. Мясціны тут прыгожыя і нават крыху дзікія, а заезджых амаль не бывае, бо ўсе адпачывальнікі аддаюць перавагу супрацьлегламу берагу. Калісьці гэтыя землі належалі роду Бычэўскіх, пры якіх тут і быў пабудаваны спіртзавод.
Большасць будынкаў комплексу адносіцца да першай паловы 20 стагоддзя, а вось стан самы розны: да прыкладу сам спіртзавод выглядае абсалютна цэлым, а пра тое, што месца закінута паведамляюць толькі абарваныя лініі электраперадач і забітыя дзверы.
За савецкім часам прадпрыемства функцыянавала, але ў нейкі момант спіртзавод у Болькава перапрафілявалі ў прадпрыемства кармавых дрожджаў. Імаверна, у тый перыяд і з’явіўся металічны будынак склада. Літаральна за некалькі кіламетраў знаходзіцца былы кляштар кармелітаў і Засвірскі касцёл.
Закінуты бровар у Цімкавічах
Цімкавічы сёння – гэта буйны, але крыху сумны, аграгарадок Капыльскага раёна. Гісторыя ў мястэчка багатая і дастаткова старажытная, так у летапісе гэтыя землі згадваюцца яшчэ ў канцы 15 стагоддзя, як уладанні Алелькавічаў. Затым Цімкавічы перайшлі да Хадкевічаў, а пасля і да Радзівілаў пры якіх была пабудавана новая сядзіба (19-ае стагоддзе). Ад таго маёнтка амаль нічога не захавалася , на мапе нават складана знайсці яе месцазнаходжанне. Адзіная пабудова, якая верагодна адносіцца да спадчыны Радзівілаў у Цімкавічах, – вось гэты бровар.
Як і большасць падобных бровараў у Беларусі, гэты занядбаны. Яго стан крыху лепш чым у многіх субратаў (да прыкладу бровар у Чэрніхаве або вінакурня Абуховічаў), але перспектыў на жаль няшмат. Акрамя самога бровара ёсць яшчэ некалькі гаспадарчых пабудоў і вялікае спіртсховішча. Бровар знаходзіцца крыху ў аддаленні ад цэнтра аграгарадка. Калі ехаць ад месца, дзе раней быў касцёл, то трэба рухацца па вуліцы 17-га Пагранатрада і з’ехаць на Аўтабазаўскую.
Былая вінакурня Абуховічаў у вёсцы Галаўцы
Галаўцы – гэта былы невялічкі маёнтак, які належаў Абуховічам з пачатку 19 стагоддзя і па 1939 год. Акрамя сядзібнага дома, у Галаўцах быў пабудаваны вінакураны завод (бровар).
Бравар і некалькі гаспадарчых пабудоў збудавалі з цэглы на ўскраіне вёскі. Верагодна будаўніцтва вялося па загаду Вацлава Абуховіча, чыя фамільная рэзідэнцыя размяшчалася ў Вялікай Ліпе.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Галаўцы актыўна засяляюць новыя жыхары, такім чынам тут утвараецца вёска. Вінакурню не сталі разбіраць на цэглу, а толькі часткова перабудавалі пад патрэбы новага прадпрыемства. Але пасля 90-ых былая вінакурня Абуховічаў стала нікому непатрэбная, таму будынак закінулі і ён пачаў прыходзіць у заняпад. Сёння ад пабудоў захаваліся толькі сцены.
Занядбаны бровар у Ніжнім Чэрніхаве
У вёсцы Ніжняе Чэрніхава павольна руйнуецца старадаўні бровар, які можна назваць даволі тыповым узорам прамысловай архітэктуры Беларусі пачатку 20 стагоддзі. Верагодна гэты завод будаваўся яшчэ пры Рдултоўскіх, якія валодалі маёнткам Чэрніхава.
Сама пабудова цагляная, двухпавярховая, значна перабудавана за савецкім часам. У канцы 90-ых, у сценах бровара ўсё яшчэ працавала нейкая вытворчасць, нават на здымках 2006 года стан будынка значна лепшы чым зараз. Чаму ж так адбылося, што прадпрыемства зараз няма? Насамрэч гісторыя разбурэння падобных месцаў амаль заўсёды ідэнтычная і сумная. Пройдзе яшчэ некалькі год і бровар у Ніжнім Чэрніхава будзе выглядаць таксама як вінакурня Абуховічаў у Галаўцах.
Гуляючы па тэрыторыі комплексу бачна, што яшчэ зусім нядаўна тут была якая-нейкая а дзейнасць. Частка абсталявання так і пакінута, а частка распілавана па металах. Адміністрацыйны паверх бровара ўжо зусім абвальваецца.
Былы бровар Бельскіх у пасёлку Ленінскі (Ацячызна)
Пасёлак Ленінскі меў іншую назву – Ацячызна (Гацечына) і да 1939 года належаў роду Бельскіх у якіх тут быў шырокі маёнтак. На сёння ад сядзібнага дома і жылых пабудоў нічога не захавалася, уцалела толькі вінакурня, закладзеная ў 1904 годзе.
Дазвол на будаўніцтва гэтага завода атрымаў Ксаверый Бельскі, пры якім сядзібны комплекс значна пашырыўся і перабудаваны. За савецкім часам на базе гэтага бровара працавала мясцовае прадпрыемства. Аднак у 90-ых будынак прыйшоў у аварыйны стан і без належнага абслугоўвання наўпрост закінуты.
Нягледзячы на спробы частковай кансервацыі і пошуку інвестара, мясцовая славутасць працягвае разбурацца. Унутры ўжо даўно вынесена ўсё, што мела якую-небудзь каштоўнасць. Добра што цудам засталіся металічныя ёмістасці для закісання і аўтэнтычныя дзверы.
Акрамя бровара ёсць і некалькі іншых гаспадарчых пабудоў. Увесь комплекс абгароджаны плотам, на ўездзе вартоўня. З улікам удалага размяшчэння і блізкасці да трасы М1 у пасёлка Ленінскі мог бы быць нядрэнны турыстычны патэнцыял. У мясцовым парку да нядаўняга часу можна было ўбачыць старажытны дуб, якому па чутках каля 700 гадоў, але на жаль ён зламаўся ў 2015 годзе.
Руіны бровара Умястоўскіх у Малых Канвелішках
Канвелішкі, Воранаўскага раёна, – добра знаёмы аматарам паездак па Беларусі, якраз тут знаходзіцца незвычайны драўляны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. А пры жаданні можна ўбачыць і яшчэ адзін цікавы аб’ект – руіны бровара (вінакурні) у Малых Канвелішках (першапачаткова ўсе гэтыя землі былі адным маёнткам).
Пабудова мае даволі тыпавую архітэктуру для падобных збудаванняў. Выканана з буйных бутавых камянёў і цэглы. Цэнтральная частка вылучаецца высокімі арачнымі вокнамі. Бровар датуецца 1890 годам і будаваўся пры Уладзіславе Умястоўскім. Напачатку 2000-ых, бровар спрабавалі перабудаваць, на жаль (ці на шчасце?) – няўдала. У выніку гэтых работ у будынка з’явілася дзіўнае левае крыло. Калі верыць старым мапам, то недалёка ад бровара размяшчаўся і сядзібны дом Умястоўскіх, але знайсці дакладнае месца я не змог.
Рэшткі бровара ў вёсцы Валадута
Па дарозе ў Раванічы, дзе знаходзіцца знакамітая сядзіба Слатвінскіх, будзе вёска Валадута, дзе часткова захаваліся будынкі бровара і спіртавога склада. Бровар будаваўся з чырвонай цэглы і буйных бутавых камянёў напрыканцы 19 – першай палове 20 стагоддзя.
Былы бровар у вёсцы Засулле
Бровар у гэтым мястэчку быў пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя і ўваходзіў у склад сядзібнага комплексу Крупскіх (сядзіба не захавалася). Першыя бровары ў Беларусі будаваліся пераважна з дрэва, але гэты будынак узвялі з каменя і цэглы. Традыцыйна ў броварах займаліся вырабам піва, гарэлкі ці віна, таму менавіта такія напоі выпускалі і ў Засулле.
Будынак бровара ў дадзены момант знаходзіцца ў паўразбураным стане.
Руіны спіртзавода Яніны Траскуляцкай у вёсцы Бабоўня
У вёсцы Бабоўня, што ў Мінскай вобласці на трасе Р91 “Нясвіж – Асіповічы”, можна ўбачыць руіны вінакурні – гэта спадчына Яніны Траскуляцкай. Напрыканцы 19 стагоддзя гэтая жанчына (сапраўдны прадпрымальнік) выкупіла ў Наркевічаў-Ёдка частку зямлі, размешчаную паблізу іх фамільнай сядзібы. Там яна пабудавала даволі сучасны (па тых часах) капіталістычны спіртавы завод са складам. Дарэчы там на прадпрыемстве працавала 8 наёмных супрацоўнікаў.
Бровар пабудаваны ў класічных формах прамысловай архітэктуры 19-20 стагоддзяў. Таму гават праз 100 год будынак часткова захаваў сваё вонкавае аблічча. Час не крануў мур з цэглы і буйных валуноў, яшчэ не абваліліся рамы вертыкальных вокнаў, зробленыя ва ўсю вышыню корпуса. Мусіць, гэта і дазволіла былому спіртзаводу застацца галоўным помнікам даўніны ў пасёлку Бабоўня і дагэтуль.
На супрацьлеглым баку ад будынка завода захаваўся склад матэрыялаў, у аналагічным архітэктурным стылі. Да вайны тварэнне Траскуляцкай прыстасавалі пад калгасны млын, які функцыянаваў да канца 90-ых гадоў. Па словах мясцовых жыхароў, пабудовы былі выкупленыя адным прадпрымальнікам, які планаваў рэканструяваць гістарычную спадчыну.