Браслаў – гэта добра вядомы і папулярны горад Беларусі, да якога часта дадаюць прыстаўку “турыстычны” і на тое ёсць важкая прычына. Горад, як і ўвесь рэгіён у цэлым, з’яўляецца сапраўдным азёрным краем, куды з задавальненнем прыязджаюць тыя самыя турысты і вандроўнікі. Акрамя шыкоўнай прыроды, у Браславе ёсць і класічныя славутасці – архітэктурныя помнікі, а адзін з найбольш цікавых – касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Браслаўскі касцёл пабудавалі ў 1824 годзе. Першапачатковы варыянт быў больш сціплы па памерах і не мог умясціць усіх ахвочых (прыход у нейкі момант складаў каля 16 тысяч чалавек). Таму ўжо напрыканца 19 стагоддзя храм перабудавалі і значна пашырылі.
Новы касцёл датуецца 1897 годам і ад старога ён захаваў толькі часткі сцен. Калі ўважліва прыгледзецца, то можна ўбачыць што старыя муры адрозніваюцца па колеры і матэрыялу (дакладна задняя і левая сцяна).
Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі – гэта помнік неагатычнай архітэктуры з рысамі неараманскага стылю. Па форме пабудова прастакутная, аднавежавая, безапсідная, па краях фасада ўстаноўлены пінаклі. Сцены выкананы з чырвонай цэглы і буйнога бутавага каменя.
За пасляваенным часам касцёл у Браславе на некалькі год зачынілі, але прыхаджане здолелі абараніць храм і ён зноў стаў дзейным. Як разумееце, для савецкага часу падзея амаль унікальная.

З гэтым касцёлам звязаны і цікавы факт, яго можна ўбачыць у савецкай кінастужцы 1967 года – “Вайна пад стрэхамі”.


Дарэчы ў гэтай жа кінакарціне мільгае і іншая вядомая славутасць Беларусі – нямецкія вайсковыя могілкі ў Дзесятніках.
З 2024 года гэта храм мае статус Малой базілікі.
Па суседстве з касцёлам стаіць Успенская царква, якую таксама збудавалі ў 1897 годзе. Ніжэй размешчана кропка з адзнакай гэтай славутасці на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю паглядзець капліцу-пахавальню Плятэраў у Ахрэмаўцах. Іншы цікавы напрамак – Опса, там часткова захавалася сядзіба гэтага рода, а ячшэ храм Святога Яна Хрысціцеля.